Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

31.01.2013
Чаго хоча сёньня ад нас Госпад?
 
Экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных канфесіяў адбылося 27 студзеня 2013 году ў гарадзенскай рыма-каталіцкай катэдры сьв. Францішка Ксаверыя. У малітве за еднасьць хрысьціянаў узяў удзел таксама і прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Андрэй Крот з Горадні.
 
Акрамя каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў і семінарыстаў з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні на экуменічнай малітве прысутнічалі прадстаўнік Гарадзенскай япархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаярэй а. Аляксандар Хомбак, настаяцель царквы ў гонар сьвяціцеля Лукі Война-Ясянецкага пры Гарадзенскім абласной клінічнай бальніцы, і пастыр Уладзімір Татарнікаў, які прадстаўляў Лютэранскую Царкву.
 
Малітвы за еднасьць хрысьціянаў у гарадзенскай катэдры ўзначаліў біскуп Аляксандар Кашкевіч, які нагадаў прысутным, што ўсе хрысьціяне належаць да адзінай сям’і. Праз сьвяты хрост ўсе мы сталі дзецьмі Божымі — сказаў рыма-каталіцкі ярарх.
 
Экуменічнае набажэнства складалася з дзьвюх частак: літургіі слова і літургіі сьвятла. Падчас літургіі слова да вернікаў з кароткай прамовай зьвярнуліся прадстаўнікі розных канфесіяў.
 
У сваёй прамове душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот зьвярнуў увагу на словы з Кнігі прарока Міхея, якія сталі тэмай сёлетняга тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў: “Чаго ад нас патрабуе Госпад?” “Я сапраўды задумаўся, — сказаў сьвятар, — чаго чакае Госпад ад нас, каб мы аб’ядналіся. Можа, ня сёньня ці заўтра, але каб хоць бы наблізіліся на адзін крок да таго дня, калі ўсе хрысьціяне будуць адной Царквой, калі ня будзе згаршэньня, якое выклікаюць сярод няверуючых нашыя падзелы. Госпад сёньня ад нас патрабуе яшчэ і адвагі. Мы павінны адважна пачаць дзейнічаць у гэтым кірунку, на шляху дасягненьня еднасьці паміж хрысьціянамі. І мы не павінны баяцца цяжкіх пытаньняў, якія нас падзяляюць”.
 
Гарадзенскі рыма-каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч у сваёй прамове сказаў, што час сумеснай малітвы за еднасьць хрысьціянаў — гэта час, калі мы можам задумацца над тым, якія сёньня нам трэба прыкладаць сумесныя намаганьні, каб хрысьціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэньня для сьвету, было сілай, якая супрацьстаіць граху і духоўнай абыякавасьці, якія зьнішчаюць сучасны сьвет. “Праз святы сакрамант хросту сталіся мы галінкамі адной Лазы, якой зьяўляецца Хрыстос і Яго Валадарства. У Ім наша еднасьць i духоўная моц для сучаснага сьвету”, — падкрэсьліў Уладыка Аляксандар. Ён заахвоціў усіх, каб праз сумесную малітву і разважаньне Божага слова, як вучні Хрыстовы па дарозе ў Эмаўс, імкнуліся распазнаць Уваскрослага Хрыста, Які аб’ядноўвае нас у сваёй адной Царкве.
 
“Будзем прасіць, каб Ісус Хрыстос блаславіў нашыя імкненьні і пошукі духоўнай еднасьці, а Ягоныя словы малітвы — каб усе Яго вучні былі адно — заахвочвалі нас да стварэньня лепшых ўмоваў ўзаемнага дыялогу і жыцьця паводле Божай праўды”, — заклікаў на заканчэньне сваёй прамовы рыма-каталіцкі ярарх.
 
Пасьля малітвы праслаўленьня ўсе прысутныя сьвятары і вернікі, узяўшыся за рукі, зьвярталіся да Бога Айца ў агульнай для ўсіх хрысьціянаў малітве “Ойча наш”.
 
Падчас літургіі сьвятла прадстаўнікі хрысьціянскіх супольнасьцяў запалілі ад пасхалу сьвечкі, сьвятло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства ў гарадзенскай катэдры. Запаленыя сьвечкі былі сымбалем сьвятла Хрыстова, якое прыходзіць у гэты сьвет, асьвячае і прасьвятляе ўсё.
 
Напрыканцы малітоўнай экуменічнай сустрэчы Ўладыка Аляксандар (Кашкевіч) падзякаваў усім за ўдзел і ўдзяліў пастырскае бласлаўленьне.
 
Фота з сайту Grodnensis.by.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 97 разоў (-ы)