Царква
Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды
(Выхад 23:2)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

04.02.2013
Абраны новы зьверхнік Халдэйскай Каталіцкай Царквы
 
1 лютага 2013 году ў Ватыкане было паведамлена, што Біскуп Рыму Бенядыкт XVI прыняў у царкоўную сулучнасьць новаабранага Патрыярха Халдэйскай Каталіцкай Царквы Луіса Рафаэля I Сака (Louis Raphaël I Sako).
 
У Рыме з 28 студзеня 2013 году засядаў выбарчы Сінод Біскупаў Халдэйскай Царквы, які быў скліканы пасьля таго як Рымскі Архірэй Бенядыкт XVI прыняў адрачэньне ад ураду, якое падаў папярэдні зьверхнік гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства кардынал Эмануэль III (Дэлі). Нарады 15 халдэйскіх ярархаў у Рыме ўзначальваў Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры. Новым Халдэйскім Патрыярхам Бабілону 31 студзеня 2013 году быў кананічна абраны колішні 65-гадовы халдэйскі архібіскуп Кіркуку (Паўночны Ірак) Уладыка Луіза Сака, які стаў цяпер таксама архібіскупам Багдаду.
 
Абраньне новага патрыярха зьяўляецца важнай падзеяй для будучыні Царквы ў Іраку. Біскупы абіралі ня толькі першаярарха, але і асобу з цьвярозымі, памяркоўнымі поглядамі, якая будзе сканцэнтравана ня толькі на абрадавай ідэнтычнасьці Халдэйскай Царквы.
 
Новы халдэйскі першаярарх Луіс Рафаэль I Сака нарадзіўся 4 ліпеня 1948 году на поўначы Іраку ў горадзе Заху. Навучаўся ў духоўнай семінарыі ў Масуле, у 1974 годзе быў рукапакладзены на сьвятара і да 1979 году нёс служэньне ў мясцовым катэдральным храме. Затым ён студыяваў у Рыме. У Папскім Усходнім інстытуце атрымаў ступень доктара ў галіне ўсходняй патрыстыкі, а ў Папскім інстытуце арабскіх і ісламскіх студыяў — ліцэнзіят. Пазьней у Сарбонскім універсітэце ў Парыжы абараніў яшчэ й дактарат па гісторыі, пасьля чаго ў 1986 годзе вярнуўся на сваю радзіму ў Ірак. Да 1997 году займаўся душпастырскай працай у Масуле ў парафіі Нястомнай Дапамогі. У 1997 годзе быў прызначаны рэктарам патрыяршай семінарыі ў Багдадзе. 27 верасьня 2003 году наменаваны архібіскупам Кіркуку, а 14 лістапада адбылася яго хіратонія. У 2004 годзе Луіс Сака быў прызначаны дарадцам Папскай Рады па міжрэлігійным дыялогу.
 
У 2010 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй міру міжнароднага каталіцкага руху за мір Pax Christi за шматгадовую працу дзеля міжканфесійнага міру ў Кіркуку.
 
Таксама новы халдэйскі патрыярх вядомы як аўтар больш за 200 багаслоўскіх і рэлігіязнаўчых артыкулаў і 20 кніг. Акрамя арабскай і халдэйскай моваў валодае таксама нямецкай, французскай, ангельскай і італійскай мовамі.
 
Халдэйская Каталіцкая Царква ўтварылася пасьля зьяднаньня з Рымам часткі ярархіі і духавенства Асірыйскай Царквы Ўсходу. Сучаснае ўладкаваньне гэтая Ўсходняя Каталіцкая Царква атрымала ў 1830 годзе, калі папа Пій VII зацьвердзіў мітрапаліта Яна Гарміздаса Зьверхнікам усіх халдэйскіх каталікоў і надаў яму годнасьць Бабілонскага халдэйскага патрыярха з рэзідэнцыяй спачатку ў Масуле, а з сярэдзіны XX ст. — у Багдадзе.
 
Халдэйская Каталіцкая Царква ахоплівае вернікаў, якія жывуць сёньня на тэрыторыі Іраку, Турцыі, Лівану, Сірыі ды іншых краінаў Блізкага Ўсходу, а таксама ў дыяспары на розных кантынентах. Паводле дадзеных Annuario Pontificio за 2012 год агульная колькасьць вернікаў перавышае 534 тысячы чалавек. Гэтая Царква мае 8 архіяпархіяў і 13 япархіяў. У Царкве 17 біскупаў, 138 парафіяў, у якіх нясе служэньне 169 сьвятароў. Прыкладна палова халдэйскіх вернікаў жыве сёньня ў Іраку, дзе яны ўтвараюць самую вялікую супольнасьць мясцовых хрысьціянаў.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 57 разоў (-ы)