Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

11.02.2013
Бенядыкт XVI прыняў рашэньне аб адмове ад служэньня Рымскага Архірэя
 
Падчас звычайнай кансісторыі, якая была склікана 11 лютага 2013 году для зацьвярджэньня трох кананізацыйных працэсаў, Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI перад Калегіяй кардыналаў нечакана склаў заяву, у якой ён паведамляе пра сваё рашэньне пакінуць Пасад св. Пятра — паведамляе Радыё Ватыкану.
 
Бенядыкт XVI спаслаўся на стан здароўя, які не дазваляе яму належна выконваць сваё служэньне. Вось тэкст ягонай заявы:
 
“Дарагія браты! Я паклікаў вас на гэтую Кансісторыю ня толькі дзеля трох кананізацыяў, але і каб паведаміць вам пра рашэньне вялікай важнасьці для жыцьця Царквы. Неаднаразова разважаючы пра гэта ў сумленьні перад Богам, я набыў упэўненасьць, што з прычыны сталага ўзросту мае сілы ўжо не дастатковыя для належнага зьдзяйсьненьня Пятровага служэньня. Я добра ўсьведамляю, што гэтае служэньне ў сваёй духоўнай сутнасьці павінна выконвацца ня толькі праз дзеі і словы, але не ў меншай ступені, праз цярпеньне і малітву. Аднак, у сучасным сьвеце, які хутка зьмяняецца і ўсхваляваны пытанньямі, што маюць вялікае значэньне для жыцьця веры, каб кіраваць лодкай сьвятога Пятра і абвяшчаць Евангельле, неабходна як сіла цела, так і духа, якая ў апошнія месяцы ў мяне зменшылася настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасьць добра выконваць даручанае мне служэньне. Таму, добра ўсьведамляючы сур’ёзнасьць гэтага акту, у поўнай свабодзе, заяўляю, што адмаўляюся ад служэньня Біскупа Рыму, Наступніка сьвятога Пятра, якое было даручана мне кардыналамі 19 красавіка 2005 году, такім чынам, з 28 лютага 2013 году, ад 20.00 гадзінаў, Рымская пасад, Пасад сьвятога Пятра, будзе вакантны, і тыя, хто мае паўнамоцтвы, павінны склікаць канклаў для абраньня новага Вярхоўнага Архірэя.
 
Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, з якімі вы несьлі з мною цяжар майго служэньня, і прашу прабачэньня за ўсе мае недахопы. Цяпер давераем Сьвятую Царкву апецы яе Вярхоўнага Пастыра, Госпада нашага Ісуса Хрыста, і молім Яго сьвятую Маці Марыю, каб успамагала ў сваёй мацярынскай дабрыні Айцам Кардыналам у абраньні новага Вярхоўнага Архірэя. Што да мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам Сьвятой Царкве Божай жыцьцём, адданым малітве.
 
Ватыкан, 10 лютага 2013 году”.


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 87 разоў (-ы)