Царква
Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:13)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

14.02.2013
Экуменічная сустрэча ў Сусьветны дзень хворага ў гарадзенскім шпіталі
 
Малітоўна-евангелізацыйная сустрэча, прымеркаваная да Сусьветнага дня хворага, адбылася 11 лютага 2013 году ў Гарадзенскім абласным клінічным шпіталі. У гэтай сустрэчы ўзяў удзел душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот.
 
Сьвятары бласлаўляюць вернікаў.
Ініцыятарам прымеркаванай да Сусьветнага дня хворага экуменічнай сустрэчы ў Гарадзенскім абласным клінічным шпіталі стала Душпастырства службы аховы здароўя Гарадзенскай рыма-каталіцкай япархіі. Як адзначыў душпастыр службы здароўя кс. Мікалай Ціхановіч, такая сустрэча ладзіцца ўпершыню.
 
Бальніца ёсьць месцам сустрэчы людзей розных культур, розных веравызнаньняў, і таму тут патрэбны ўдзел і сумеснае служэньне прадстаўнікоў розных канфесіяў. Важна, каб хрысьціяне шукалі ўзаемаразуменьне ў служэньні міласэрнасьці.
 
Менавіта таму на малітоўна-евангелізацыйную экуменічную сустрэчу, якая сабрала ў канферэнц-залі Гарадзенскага абласнога клінічнага шпіталя шмат хворых і медычны персанал з розных бальніц гораду, былі запрошаныя каталіцкія сьвятары лацінскага і візантыйскага абрадаў, пратэстанцкія пастары, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай Царквы.
 
На пачатку сустрэчы прывітальнае слова сказаў кс. Мікалай Ціхановіч, які ў некалькіх словах акрэсьліў, чым для вернікаў зьяўляецца гэты дзень, асабліва для хворых і супрацоўнікоў службы аховы здароўя.
Малітва за вернікаў.
 
Ксёндз Мікалай Ціхановіч назваў бальніцу месцам евангелізацыі і падкрэсьліў, што медыцына павінна быць скіравана перш за ўсё на чалавека, глядзець на якога трэба ў цэласнасьці — у адзінстве цела, духа і эмацыйнай сферы. “Бальніца зьяўляецца таксама месцам біяэтычных дылемаў, а сёньня яна самае сапраўднае поле бітвы, дзе вырашаецца пытаньне, як прымяняць дасягненьні медыцыны”, — цытуе кс. М. Ціхановіча каталіцкі партал Catholic.by.
 
З сваім духоўным настаўленьнем да прысутных на экуменічнай сустрэчы зьвярнуліся і прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфесіяў. Паміж дакладамі выступоўцаў на працягу ўсяго евангелізацыйна-малітоўнага спатканьня гучалі сьпевы групы праслаўленьня з гарадзенскай поўнаевангельскай супольнасьці “Жывое слова”.
 
“Пакаяньне — шлях да ацаленьня” — такой была тэма выступу душпастыра гарадзенскіх грэка-католікаў а. Андрэя Крата. “Пакаяньне — гэта нашае навяртаньне да Бога, спаўненьне Яго запаведзяў. Нам, людзям, неабходна павярнуцца да Бога і ісьці ў Яго кірунку, бо Ён — крыніца нашага жыцьця”, — сказаў сьвятар.
 
Медыкі і хворыя падчас экуменічнай малітвы ў Гарадзенскім абласным клінічным шпіталі.
Пра важнасьць Слова Божага гаварыў пратэстанцкі пастар з поўнаевангельскай супольнасьці “Жывое слова” Дзьмітры Малюкевіч. Бог дае нам сілы для жыцьця менавіта ў Слове Божым, адзначыў ён.
 
Лютэранскі пастар Уладзімір Татарнікаў распавёў аб тым, як убачыць у асобе хворага брата сьвятое Аблічча Хрыста.
 
Блаславеньне ўдзяляе а. Андрэй Крот.
Віктар Стэпко з пратэстанцкай супольнасьці “Жывое слова”, сябра культурна-асьветніцкай установы АСЕТ, падзяліўся сваім сьведчаньнем на тэму “Хрыстос-Лекар”. Распавядаючы, як у сваім жыцьці сустрэў Хрыста, ён адзначыў, што Хрыстос заўсёды жывы і дзейсны, Ён чыніць цуды аздараўленьня ў нашым жыцьці.
 
Напрыканцы сустрэчы сьвятары памаліліся за хворых вернікаў, якія прасілі аб блаславеньні.
 
Пасьля экуменічнай сустрэчы ў шпітальнай капліцы была адслужана сьв. Імша за ўсіх хворых і дактароў, якую ўзначаліў гарадзенскі рыма-каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Усім прысутным хворым біскуп удзяліў сакрамант намашчэньня хворых.
 
Рыма-каталіцкі ярарх таксама падзякаваў усім за такую форму ўшанаваньня Сусьветнага дня хворых.
 
Гарадзенскі душпастыр супрацоўнікаў службы аховы здароўя кс. Мікалай Ціхановіч адзначыў, піша Catholic.by, што жаданьнем ня толькі яго, але і прадстаўнікоў розных Цэркваў зьяўляецца тое, каб падобныя сустрэчы адбываліся рэгулярна, бо іх мэта таксама ў евангелізацыі працаўнікоў шпіталя і медперсаналу, магчымасьць сустрэцца з чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе і ў адносінах да якога нельга быць абыякавым.
 
Фота з сайту Catholic.by і Grodnensis.by.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 100 разоў (-ы)