Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

15.02.2013
Бенядыкт XVI заклікаў сьвятароў працаваць над рэалізацыяй ІІ Ватыканскага Сабору
 
Успамінамі і разважаньнямі пра ІІ Ватыканскі Сабор падзяліўся Бенядыкт XVI з сьвятарамі Рымскай дыяцэзіі, якія 14 лютага 2013 годк прыбылі на сьпецыяльную аўдыенцыю ў Ватыкан.
 
Перш чым пачаць прамову, Папа падзякаваў рымскаму духавенству за малітву і паабяцаў маліцца за кожнага, застаючыся “схаваным ад сьвету”.Папа Бенядыкт XVI бласлаўляе рымскае духавенства напрыканцы свайго выступу (Фота AP)
 
Сваё доўгае разважаньне Сьвяты Айцец прамовіў спантанна, без падрыхтаванага тэксту — адзначае Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Ён падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра ІІ Ватыканскі Сабор і ўзгадаў, што зьбіраўся на яго ня толькі з радасьцю, але і з вялікім чаканьнем “новай Пяцідзясятніцы, новай эры Царквы”. У той час Царква была “дастаткова моцнаю”, аднак адчувалася, што яна “ня ішла наперад (...), больш здавалася рэчаіснасьцю з мінулага, чым носьбітам будучыні”.
 
Бенядыкт XVI зьвярнуў увагу на існаваньне двух сабораў: рэальнага і “віртуальнага” — створанага СМІ. Паводле Сьвятога Айца менавіта гэты апошні ў большай меры дайшоў да людзей. Пастановы Сабору засталіся нерэалізаваныя ў веры, але толькі ў катэгорыях сучасных медыя: для СМІ Сабор быў барацьбой за ўладу ўнутры Царквы, а многія важныя рэчы ў ім падаваліся павярхоўна. Вынікам гэтага сталі закрытыя семінарыі, манастыры, баналізацыя літургіі.
 
“Сапраўды, Сабор сустрэўся з цяжкасьцямі ў канкрэтызацыі і рэалізацыі; Сабор віртуальны быў больш моцным за рэальны”, — сказаў Сьвяты Айцец, але дадаў, што моц рэальнага Сабору паступова перамагае. “Мне здаецца, праз 50 гадоў пасьля Сабору мы бачым, як сабор віртуальны разбураецца, губляецца і ўсё больш праяўляецца Сабор рэальны з ўсёй сваёй духоўнай сілай. У гэтым наша задача, менавіта ў гэты Год веры, пачынаючы ад гэтага Году веры — працаваць, каб сапраўдны Сабор, з сілай Сьвятога Духа рэалізаваўся, і Царква па-сапраўднаму абнавілася. Спадзяёмся Госпад нам дапаможа”, — сказаў Папа.
 
На заканчэньне Бенядыкт XVI адзначыў, што адыходзіць на спачын з катэдры сьв. Пятра з малітвай. “Я заўсёды буду з вамі, і разам мы пойдзем наперад з Госпадам, з упэўненасьцю. Госпад пераможа!” — закончыў сваю прамову Папа.
 
Пасьля прамовы Папы некалькі тысячаў сьвятароў у ватыканскай зале для аўдыенцыяў віталі яго воплескамі і крыкамі "Няхай жыве Папа!"
 
Фота AP.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 47 разоў (-ы)