Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

17.02.2013
“Каліноўскі бараніў свой народ”
 
Пра Вызвольнае паўстаньне 1863 году ў інтэрв’ю для “Твайго стылю” разважае душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот.
 
З нагоды 150-ых угодкаў Паўстаньня 1863 году журналісты гарадзенскага інтэрнэт-праекту “Твой стыль” раней прапанавалі чытачам пазнаёміцца з поглядам праваслаўнага сьвятара з Сьвята-Ўладзімірскай царквы ў Горадні протаярэя Аляксандра Велісейчыка. Яго выказваньні выклікалі вялікі рэзананс, бо праваслаўны сьвятар лічыць, што для яго, як беларуса, паўстанцы Каліноўскага выглядаюць зусім не героямі і падставаў шанаваць графа Мураўёва — аднаго з тых, хто кіраваў падаўленьнем паўстаньня — значна больш.
 
Гэтым разам “Твой стыль” знаёміць чытачоў з поглядам на паўстаньне 1863 году грэка-каталіцкага сьвятара і гісторыка а. Андрэя Крата. Ніжэй зьмяшчаем інтэрв’ю з ім, якое ўзяў Алесь Кіркевіч.
 
— Айцец Андрэй, адныя лічаць Каліноўскага пакутнікам, іншыя — забойцам. Каліноўскі праліваў і сваю, і чужую кроў, дык ці можа ён быць пакутнікам з пункту гледжаньня Царквы?
 
— Каліноўскі быў палітычыным дзеячом, ягоныя мэты і метады дзейнасьці таксама былі палітычныя. Няма падставаў лічыць яго хрысьціянскім пакутнікам, але ягоная справа была накіраваная супраць гвалту і прымусу свайго народу. Каліноўскі бараніў свой народ і гэта, на маю думку, відавочна.
 
Ці можна было пачакаць з Паўстаньнем, лепш падрыхтавацца, каб пазьбегнуць лішняй крыві, альбо паехаць на Захад і друкаваць там газету як Герцэн ці Бялінскі? Ня ведаю, хай аб гэтым спрачаюцца гісторыкі.
 
Але Каліноўскі выбраў свой шлях. Як кожны чалавек, ён быў грэшным, але я не скажу, што самым кепскім і грэшным сярод нашых палітычных дзеячоў. Нашая Царква моліцца за супакой і самога Каліноўскага, і яго паплечнікаў.
 
— Адзін праваслаўны беларускамоўны манах нядаўна заявіў у інтэрв’ю: “…Бунт яго (Каліноўскага – рэд.) быў скіраваны супраць дзяржавы, заканадаўства якой грунтавалася на запаведзях Божых і канонах Царквы”.
 
— Я ня згодны з такой фармулёўкай у прынцыпе. Заканадаўства Расейскай імперыі ніколі не грунтавалася на запаведзях Божых ды канонах Царквы. Гэта была манархічная дзяржава, якая ў дачыненьні да нас, беларусаў, выступала як акупант, якая выкарыстоўвала розныя метады гвалту, у тым ліку рэлігійны прымус, таму справядлівасьці там не было. Аб гэтым сьведчыць процьма гістарычных фактаў.
 
І што значыць “на канонах Царквы”? Якой Царквы? Праваслаўнай? Але Праваслаўная Царква таксама была пад прыгнётам: яшчэ за Пятром І была скасаваная патрыярхія, замест якой быў уведзены сінод пад кіраўніцтвам обер-пракурора — сьвецкага чыноўніка. То бок Царква фактычна нівелявалася да дзяржведамства. Шмат праблемаў, якія мае РПЦ сёньня, цягнуцца яшчэ з той пары, з так званага Сінадальнага перыяду.
 
— У тым жа інтэрв’ю знаходзім наступную цытату: “(Мураўёў) выконваў загад цэсара, выконваў свой вайсковы абавязак…”
 
— Сам факт выкананьня абавязку з пункту гледжаньня Каталіцкай Царквы не зьяўляецца апраўданьнем, бо ніхто не абавязаны выконваць загад, які супярэчыць Божым прыказаньням.
 
Абавязак ён калі і выконваў, то не перад беларускім народам, а перад дзяржавай-акупантам, таму для нас ён ніколі ня будзе станоўчым героем. Чым Мураўёў адрозьніваецца ад Вільгельма Кубэ ці Лаўрэнція Цанавы, якія таксама давалі прысягу сваім урадам?
 
Да таго ж, Мураўёў выконваў свой вайсковы абавязак вельмі “творча”. Вядома шмат фактаў. З апошняга, што я прачытаў, і што, дарэчы, тычыцца Гарадзеншчыны — успаміны Соф’і Плюто, бацька і брат якой удзельнічалі ў паўстаньні. Дык Мураўёў прапаноўваў ёй ложак на ўмовах выратаваньня яе родных.
 
— Часам гучыць думка, што для Каліноўскага, як для прыхільніка Уніі, гісторыя Беларусі пачынаецца з 1596 г. (як для бальшавікоў з 1917), то бок “за бортам” застаецца больш даўняя гісторыя з Еўфрасіньняй Полацкай, Кірылам Тураўскім і г. д. Што Вы на гэта скажаце?
 
— У шостым нумары “Мужыцкай праўды” Каліноўскі піша пра адраджэньне Ўніяцкай Царквы, якое для яго было адным з пунктаў адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага. Я думаю, што для яго, як і для сучасных уніятаў, Берасьцейская Унія 1596 г. была лагічным працягам разьвіцьця Праваслаўнай Царквы на гэтых землях.
 
А вось расейскае праваслаўе, якое тут зьявілася ў канцы XVIII ст., перамалола як спадчыну Праваслаўнай Царквы Вялікага Княства Літоўскага, так і Унію з яе традыцыямі. За 10 гадоў перад скасаваньнем Уніі, намаганьнямі яе ліквідатара біскупа Ёсіфа Сямашкі і царскіх уладаў, зьмяніўся зьнешні і ўнутраны выгляд цэркваў, ход набажэнства, мелодыі сьпеваў, мова справаводзтва і часткова набажэнства, зьнешні выгляд духавенства, прынамсі вышэйшага. Ды нават імёны некаторыя зьмянялі! Прычым зьмены адбываліся ня згодна старажытным праваслаўным канонам, але на маскоўскі капыл.
 
— Папулярным закідам як да Каліноўскага, так і да Ўніяцкай Царквы зьяўляецца абвінавачаньне ў накіданьні беларусам “пальшчызны”. Як прыклад часам прыводзіцца Сапоцкіншчына, якая найдаўжэй заставалася ўніяцкай, бо ўваходзіла ў Сувалкаўскую губерню, дзе Унію не скасавалі, але ў выніку яна апынулася цалкам польскім рэгіёнам…
 
— Я лічу, што пагроза “акаталічваньня і апалячваньня” — гэта міф, які мае мала супольнага з сапраўднай гісторыяй Беларусі. Каго мы наогул лічым заснавальнікамі сучаснай беларускай нацыі? Каліноўскі, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч, Купала, Цётка, Ластоўскі… — усё гэта выхадцы з каталіцкіх сем’яў. Ня кажучы ўжо пра пазьнейшы перыяд, пра каталіцкіх сьвятароў Станкевіча, Гадлеўскага, Германовіча і шмат іншых.
 
Паводле логікі тых, хто лічыць Унію ды Касьцёл сродкамі для “апалячваньня” беларусаў, усе вышэйпералічаныя асобы меліся быць сьвядомымі палякамі, але акурат яны сталі ля асноваў нашай нацыі.
 
Што датычыць уніятаў, ці, як мы кажам сёньня, грэка-каталікоў, то тут маем прыклад Украіны, дзе Унія захавалася, дзякуючы палітыцы Аўстра-Вугоршчыны: у выніку, Грэка-Каталіцкая Царква там стала кропкай апоры для нацыянальнага руху і застаецца такой да сёньня. Таму казаць, што Унія ў Беларусі служыла б сродкам “апалячваньня” — сумніўна.
 
Сапоцкіншчына — гэта вельмі цікавы рэгіён. Польскасьць ягоных жыхароў — гэта вынік супраціву прымусоваму далучэньню да праваслаўя і прымусовай русіфікацыі, а ня дзейнасьці Ўніяцкай Царквы: калі Унію ліквідавалі, то мясцовым давялося выбіраць паміж Касьцёлам і Праваслаўнай Царквой… Таму больш лагічна будзе сказаць, што Праваслаўная Царква спрычынілася да паланізацыі жыхароў Сапоцкіншчыны.
 
— Ці Вашыя продкі прымалі ўдзел у паўстаньні?
 
— Я гэтага дакладна ня ведаю. Затое з дзяцінства памятаю, што каля маіх родных Івацэвічаў была Шыбельная гара, дзе, як распавядала мама, на старых соснах яшчэ да 1960-70-х гг. можна было ўбачыць урослыя ў ствалы іконкі — гэта было месца, дзе вешалі паўстанцаў.
 
Адно з маіх юнацкіх перажываньняў — паездкі ў Косава да касьцёла і паўстанцкіх магіл. Туды мы ганялі на роварах разам з маім сябрам, зараз а. Сяргеем Стасевічам, які служыць у Лондане. Таму для мяне ўсё гэта роднае.
 
— Вас не бянтэжыць той факт, што Унія ўжо хутка 200 гадоў як знаходзіцца ў Беларусі фактычна ў стане “катакомбнай Царквы”?
 
— Нашу Царкву яшчэ ў XVII-XVIII стст. называлі “хлопскай”, то бок народнай. Такімі мы і застаемся. Што з нашым народам, тое і з Царквой адбываецца: калі народ прачынаецца, прачынаецца і Царква, калі адпаведна народ засынае — тое ж і з Царквой. Барометр своеасаблівы.
 
Народ сябе пакуль не асэнсаваў як беларусаў. А нават калі асэнсоўвае, то заўжды разрываецца паміж праваслаўем “з братняю Русьсю” і каталіцтвам “з Крэсаў”. Тое ж адбывалася і раней, калі вяскоўцы хацелі ісьці ў “панскую веру” — каталіцкую ці праваслаўную, згодна часу. Таму менавіта багата людзей з уніяцкімі каранямі напаўняе зараз “больш зразумелыя” цэрквы ды касьцёлы.
 
На фота: ушанаваньне памяці паўстанцаў у Сьвіслачы, 28.10.2012.

Фота Янкі Лялевіча і з архіву сайту “Твой стыль”.

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 116 разоў (-ы)