Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

19.02.2013
У горадзе над Нявой грэка-католікі будуць маліцца па-беларуску
 
Грэка-каталіцкае набажэнства на Раство ў касьцёле ў Санкт-Пецярбургу.
У Санкт-Пецярбургу католікі візантыйскага абраду з сакаваіка 2013 году будуць мець беларускамоўную Боскую Літургію — паведамляе сайт "Беларусы Пецярбурга".
 
Мяркуецца, што грэка-каталіцкія набажэнствы па-беларуску будуць адбывацца штомесяц у рыма-каталіцкім касьцёле Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
 
Служыць Боскую Літургію па-беларуску будзе а. Кірыла Міронаў, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода ў Санкт-Пецярбургу. Першая беларускамоўная літургія для грэка-католікаў гораду на Няве будзе правіцца ў касьцёле Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (Санкт-Пецярбург, вул. 1-я Чырвонаармейская, 11, станцыя метро Тэхналагічны ўніверсітэт) 10 сакавіка а 10-й гадз. Напярэдадні, 9 сакавіка, а 18-й гадз. будзе адслужана грэка-каталіцкая Вячэрня.
 
У касьцёле Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Санкт-Пецярбургу.
Ініцятары беларускіх набажэнстваў — пецярбуржцы беларускага паходжаньня — сьцьвярджаюць, што ідэя беларускай Літургіі ня новая, і некалькі гадоў таму ў тым самым храме сьвятую Імшу ў лацінскім абрадзе па-беларуску служыў ксёндз Сяргей Сурыновіч, але пасьля яго ад’езду ў Беларусь справа спынілася.
 
На думку піцерскіх беларусаў, у такім горадзе як Санкт-Пецярбург, дзе шмат чаго зьвязана з беларускай гісторыяй, абавязкова павінна гучаць малітва на роднай мове а. Антона Неманцэвіча, які нарадзіўся ў паўночнай сталіцы Расеі і спрычыніўся да разьвіцьця Уніі, Яна Баршчэўскага, які напісаў там свайго славутага “Шляхціча Завальню” і інш.
 
Вернікі грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода спадзяюцца, што “роднае слова ў Царкве спрычыніцца да абуджэньня веры і нацыянальнай самасьвядомасьці той часткі беларусаў, якія былі адарваныя ад жыватворчых карэньняў на Бацькаўшчыне, а таксама паслужыць дадатковай падставай для згуртаваньня і разьвіцьця сяброўскіх адносінаў паміж суродзічамі”.
 
Паводле інфармацыі сайту “Беларусы Пецярбурга” пытаньне правядзення набажэнстваў па-беларуску цяпер разглядае таксама і беларуская дыяспара ў Маскве.
 
На фота:  грэка-каталіцкае набажэнства ў касьцёле Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Санкт-Пецярбургу і выгляд самой сьвятыні.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 124 разоў (-ы)