Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

28.02.2013
Бенядыкт XVI пакінуў Ватыкан і прыбыў у летнюю рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў
 
28 лютага 2013 году Бенядыкт XVI пакінуў Ватыкан і прыбыў у летнюю рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. 144 кардыналы прысутнічалі на разьвітальнай сустрэчы з Бенядыктам ХVI, якая прайшла ў гэты дзень у Кліментыйскай зале Апостальскага палацу.
 
Каб правадзіць Сьвятога Айца ў дворыку ватыканскага Апостальскага палацу сабраліся супрацоўнікі ватыканскіх дыкастэрыяў і ўстаноў. Сярод іх быў Дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агастына Валіні і многія іншыя. Многія з прысутных не хавалі сьлёзаў. Папа блаславіў прысутных, а затым картэж з Пантыфікам адправіўся на тэрыторыю ватыканскага геліяпорту. Бенядыкта XVI суправаджаў яго асабісты сакратар архібіскуп Георг Генсвайн.
 
У 17.07 па рымскім часе, верталёт з Сьвяты Айцом на борце ўзьняўся ў неба. Ён зрабіў кола над Ватыканам і накіраваўся ў бок Кастэль Гандольфа. У момант адлёту Папы з базылікі сьв. Пятра гучалі званы.
 
Каля 17.30 верталёт з Бенядыктам XVI прызямліўся ў Кастэль Гандольфа. Тут, на плошчы перад Апостальскім палацам, Сьвятога Айца чакала вялікая колькасьць вернікаў. Да іх Пантыфік зьвярнуўся з кароткай прамовай. “Дарагія сябры, я шчасьлівы быць з вамі! Дзякую за вашае сяброўства і любоў!” — сказаў Сьвяты Айцец. Пантыфік адзначыў, што гэты дзень для яго вылучаецца сярод усіх іншых, таму што ён заканчвае служэньне на пасадзе сьв. Пятра. Папа назваў сябе “пілігрымам, які пачынае сваю апошнюю пілігрымку на гэтай зямлі”, але адзначыў, што будзе “працягваць працаваць усімі сваімі сіламі для дабра Царквы і чалавецтва”. Затым Бенядыкт XVI удзяліў сабраным сваё апошняе бласлаўленьне ў якасьці Рымскага Архірэя.
 
Як інфармуе Ватыканскае радыё, пасьля прылёту Бенядыкта XVI у Кастэль Гандольфа, вечарам 28 лютага, у Твітары зьявілася апошняе паведамленьне яго як Папы. “Дзякую за вашую любоў і падтрымку. Жадаю, каб вы заўсёды адчувалі радасьць, калі ставіце Хрыста ў цэнтар вашага жыцьця”, — з такімі словамі Бенядыкт XVI зьвярнуўся да вернікаў праз свой акаўнт у Твітары.
 
У Кастэль Гандольфа Сьвяты Айцец правядзе каля 2 месяцаў, пакуль працягваюцца рамонтныя працы ў кляштары “Mater Ecclesia” — будучай рэзідэнцыі Сьвятога Айца на тэрыторыі Ватыкану.
 
А 20.00 гадз. пантыфікат Бенядыкта XVI закончыўся. Былі зачынены дзьверы Апостальскага палацу, і паводле прадугледжаных правілаў, камерленга запячатаў папскія апартаменты. Швайцарская гвардыя пакінула іх да таго часу пакуль не закончыцца перыяд “sede vacante”, калі будзе абраны новы спадкаемца Апостальскага пасаду сьв. Пятра.
 
Кіраўнік прэс-службы Ватыкану а. Фэдэрыка Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі ў гэты дзень паведаміў, што ў Ватыкан безупынна прыходзяць пасланьні салідарнасьці з Сьвятым Айцом ня толькі ад палітычных і культурных дзеячоў сьвету, але таксама ад простых вернікаў. Ён зьвярнуў асаблівую ўвагу, на ліст сьвятароў і вернікаў з Кітая, якія падзякавалі Бенядыкту ХVI за падтрымку.
 
На сёньняшні дзень, паводле кіраўніка Залы друку, акрэдытацыю для асьвятленьня падзеяў, зьвязаных з абраньнем новага Папы Рымскага атрымалі каля 3600 журналістаў з 61 краіны сьвету. З іх амаль 1000 прадстаўляюць друкаваныя выданьні, 2,5 тыс. — з тэлевізійных каналаў і 231 — радыёжурналіст. Акрамя таго ў Рыме будуць працаваць каля 350 фатографаў.
 
Фота: AP Photo
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 53 разоў (-ы)