04.06.2013
У Лондане пашкоджана беларуская царква
У ноч з 2 на 3 чэрвеня 2013 году капліца ў Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане атрымала значныя пашкоджаньні, паведамляе сайт “Товарищ.online”.

Уночы абвалілася значная частка столі ў памяшканьні грэка-каталіцкай капліцы. Хутчэй за ўсё, гэта стала вынікам будаўнічых работ, што адбываюцца цяпер па суседзтву: новы ўладальнік суседняга дому вырашыў яго зьнесьці. Раней у гэтым будынку месьцілася беларуская школа сьв. Кірылы Тураўскага, аднак у 2007 годзе Беларуская каталіцкая місія вырашыла яго прадаць, каб на атрыманыя сродкі пабудаваць новую царкву.
Перакрыцьці будынку, дзе месьціцца капліца, былі пабудаваны на пачатку мінулага стагоддзя і відавочна не перанесьлі “зрухаў”, якія адбываліся ў будынку літаральна праз сьцяну.
На шчасьце, абвал адбыўся ўночы, і ніхто не пацярпеў – хаця толькі ўранку ў нядзелю у царкве прайшла багаслужба для мясцовых беларускіх вернікаў.
Цяпер беларускія набажэнствы ў Лондане працягнуцца ў невялічкай каплічцы ў Marian House – яшчэ адным будынку беларускай грэка-каталіцкай місіі, які месьціцца праз дарогу ад пашкоджанага дому. А неўзабаве тут мусіць быць узьведзены новы цэнтар сьв. Кірылы Тураўскага і новая беларуская грэка-каталіцкая царква, праект якой ужо гатовы і чакае свайго ўвасабленьня.
Фота Андрэя Аляксандрава.