Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Навіны за 2010 год
Памер шрыфту

22.04.2010

Астанкі на могілках

На пачатку верасьня мінулага году СМІ абляцела вестка, што пры будаўнічых работах на месцы царквы Сьвятога Духа ў Менску будаўнікі разьбілі крыпту з астанкамі невядомых людзей.

Адзначым, што заказчыкам будаўніцтва зьяўляецца КУП «Мінская спадчына», генеральным падрадчыкам – будаўнічае ўпраўленьне №3 адкрытага акцыянернага таварыства «Будтрэст № 1», адказным вытворцам — С. Б. Насыраў (зьвесткі ўзятыя з пашпарта аб’екту).

Царква Сьвятога Духа была ўзьведзена ў XVII стагоддзі, што называецца, з нуля. Яна стала домам малітвы для насельнікаў жаночага і мужчынскага манастыроў уніяцкага ордэну базыльянаў. Гэта была арыгінальная, не падобная на іншыя царкоўная пабудова ў стылі рэнесансу. Калі будынкі манастыроў захаваліся, дык царкву ў 1936 годзе ўзарвалі. І вось, «Мінская спадчына» вырашыла пабудаваць на месцы царквы дзіцячую філармонію. Сам праект будаўніцтва дзіцячай філармоніі на месцы царквы распрацавалі незадоўга да скону камуністычнага рэжыму — у 1984 годзе. У 2009 годзе гэты праект выцягнулі з-пад сукна і пачалі яго рэалізацыю.

Кожны больш-менш адукаваны чалавек ведае, што ў старых цэрквах, а дакладней — пад цэрквамі і каля іх хавалі сьвятароў, манахаў і фундатараў.І згодна з агульнапрынятымі нормамі будаўнічыя работы на месцы цэркваў павінны весьціся пад кантролем археолагаў. Пры земляных работах на такіх аб’ектах выкарыстоўваецца малая механізацыя. Пры будаўніцтве ж дзіцячай філармоніі ў Менску мы бачылі самую сапраўдную «экскаватарную археалогію».

У сувязі са знаходкаю крыпты і астанкаў сам па сабе паўстаў шэраг пытаньняў. Ці будуць астанкі вернутыя на іх месца? Калі астанкі вернуць, то ці будзе КУП «Мінская спадчына» па-ранейшаму будаваць на месцы царквы забаўляльную ўстанову, каб там ладзілі скокі і сьпявалі вясёлыя песенькі? Калі астанкі ня будуць вернутыя на месца іх пахаваньня, то дзе іх пахаваць? І, нарэшце, хто даў нам усім права распараджацца астанкамі па сваім гледжаньні?

Падобна на тое, што «Мінскую спадчыну» гэтыя пытаньні не турбуюць. Каб не ўскладняць праблему, хтосьці з адказных чыноўнікаў даў распараджэньне… Але пра ўсё па парадку.

…Сёлета перад Пасхай грэка-каталіцкім сьвятарам стала вядома, што на Вайсковых могілках у Менску (вул. Казлова) пахаваныя астанкі ўніятаў. І што нібыта пахаваньне адбылося пры ўдзеле праваслаўнага сьвятара. Удакладнілі: астанкі знойдзеныя на месцы царквы Сьвятога Духа.

Як заўсёды ў такіх выпадках, пачалося высьвятленьне дэталяў: што за астанкі, дзе канкрэтна яны пахаваныя, ці ёсьць на магіле які знак?

Магілу, сапраўды, знайшлі. Надпіс на таблічцы, прымацаванай да крыжа, недасьведчанага чалавека можа зьбянтэжыць: адкуль вядома, што астанкі, знойдзеныя пры будаўніцтве дзіцячай філармоніі, сапраўды хрысьціянскія? Напісаць жа, што астанкі знайшлі на месцы царквы Сьвятога Духа, не выпадала. Бо ў недасьведчанага чалавека могуць паўстаць іншыя пытаньні. Чаму астанкі не пакінулі ў спакоі на ранейшым месцы?Што цяпер на тым месцы, дзе была царква?

Высьветлілася, што на Вайсковых могілках пахаваныя ня тыя астанкі, што знойдзены ў разьбітай крыпце на пачатку верасьня 2009 году, а іншыя — знойдзеныя пазьней.

Гэтыя знаходкі не афішаваліся, утойваліся ад грамадзкасьці, грэка-каталіцкага духавенства і, наколькі можна меркаваць, ад археолагаў.

Як гэта назваць: сьвятакрадзтва, блюзьнерства?

Не зусім, кажуць у грэка-каталіцкіх колах. І нават адзначаюць пэўны прагрэс. За савецкім часам астанкі разам з пяском і друзам вывозілі ў кар’еры і на звалкі, а цяпер іх, няхай і таемна ад уніятаў, пахавалі на могілках, і, што немалаважна, з удзелам сьвятара. (Мяркуючы па тым, дзе пастаўлены надмагільны крыж, можна зрабіць выснову, што на пахаваньне прыходзіў праваслаўны сьвятар найноўшай фармацыі.)

Менскія грэка-каталікі спадзяюцца даведацца, хто даў каманду ўтойваць знаходкі на месцы царквы Сьвятога Духа і хто распарадзіўся таемна пахаваць гэтыя астанкі на Вайсковых могілках.

…10 красавіка Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў на магіле з новазнойдзенымі астанкамі менскіх уніятаў паніхіду.

Можна быць упэўненым, што магіла на Вайсковых могілках будзе належным чынам дагледжана. Але гэта не здымае пытаньня: што будзе з астанкамі, знойдзенымі ў верасьні мінулага году?

 

Рыгор АПАЦЁНАК  

  "Наша Ніва"
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 66 разоў (-ы)