Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Навіны за 2010 год
Памер шрыфту

 

07.05.2010

 

Візіт Аляксандра Надсана ў Івацэвічы


26 красавіка Івацэвічы наведаў Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў замежжа мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан з Лондана.

Упершыню ён памаліўся разам з парафіянамі Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай.

Візіт а. Аляксандра Надсана ў Івацэвічы звязаны з тым, што ў гэтым годзе ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве святкуецца юбілейны год каранацыі папскімі каронамі іконы Маці Божай Жыровіцкай, імя якой і носіць грэка-каталіцкая парафія Івацэвічаў.

З а. Аляксандрам пагутарыў карэспандэнт “Газеты для вас”.

— Айцец Аляксандр, разам з Вамі ў Лондане служыць наш зямляк, ураджэнец Івацэвічаў, а. Сяргей Стасевіч. Напэўна, ад яго Вы ўжо шмат ведаеце пра наш край?

— Так, калі я слухаю а. Сяргея Стасевіча, то пачынаю разумець, што Івацэвічы — цэнтр Свету. Айцец Сяргей шмат расказвае мне пра Івацэвічы, ён ганарыцца сваім паходжаннем. Я, увогуле, вельмі задаволены, што ён служыць разам са мной у Лондане. Ён крыху маладзейшы за мяне — гадоў на пяцьдзесят (смяецца), і вельмі мне дапамагае. Ваш зямляк а. Сяргей мае сапраўднае святарскае пакліканне, ён выдатны святар.

— Сёлетні год у Беларускай грэка-каталіцкай царкве з’яўляецца юбілейным годам каранацыі папскімі каронамі іконы Маці Божай Жыровіцкай. Раскажыце аб значнасці гэтай падзеі ў жыцці Царквы.

— Жыровіцкая ікона Божай Маці — вельмі шанаваная ў Беларусі з даўніх часоў. І мы памятаем таксама, што Жыровічы былі здабытыя для грэка-каталіцкай царквы святым Язафатам, і ў тыя часы сталі найвялікшым цэнтрам пашаны Багародзіцы. Таму мы ўдзячныя Богу за тое, што 280 гадоў таму папа рымскі Бенедыкт ХІІІ захацеў каранаваць Жыровіцкую ікону Маці Божай. Гэта вялікая дата для грэка-каталіцкай царквы.

— Айцец Аляксандр, Вы прыехалі ў Беларусь якраз падчас угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Мы ведаем, што з 1989 года Вы — старшыня Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Раскажыце нам аб дзейнасці гэтага камітэта.

— Калі мы ў Вялікабрытаніі пачулі пра гэтую бяду, што здарылася ў Беларусі, то вырашылі хоць крыху дапамагчы. Стварылі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і збіралі сродкі беларускай дыяспарай за мяжой. Набывалі неабходныя лекі і накіроўвалі ў Беларусь. Калі мы перадавалі дапамогу першы раз, тады і я ўпершыню прыехаў з эміграцыі ў Беларусь. Ездзілі мы і ў рэгіёны, пацярпелыя ад радыяцыі. Але на сённяшні дзень умовы дастаўкі дапамогі ў Беларусь змяніліся, і нам ужо складаней дапамагчы.

— Раскажыце аб беларускай дыяспары за мяжой, у прыватнасці, у Вялікабрытаніі.

— Вялікабрытанія — гэта як маленькая правінцыя Беларусі (смяецца). Разумееце, беларуская дыяспара розная: тыя, якія захацелі застацца беларусамі, — засталіся, але ж ёсць і адрэзаныя ад Бацькаўшчыны ў духоўным, культурным плане. Беларускія грэка-католікі ў Брытаніі імкнуцца застацца беларусамі і пашырыць веды заходняга свету пра Беларусь, яе культуру, гісторыю і яе патрэбы. Але лёс народа залежыць не ад эміграцыі, а ад тых людзей, якія жывуць на Радзіме.

Мы ж можам толькі дапамагчы, таму мы развіваем царкоўныя справы (перакладаем літургічныя тэксты на беларускую мову), заснавалі беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лондане, якая налічвае каля 30 тысяч беларускіх кніг і кніг пра Беларусь. Сёння гэтай бібліятэкай едуць карыстацца навукоўцы з многіх краін. І мы гэтаму толькі рады.

— Вашыя пажаданні парафіянам Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай і чытачам “Газеты для вас”.

— Жадаю ўсім жыхарам Івацэвіччыны ласкі Божай, жыць заўсёды з Богам. А грэка-каталіцкай парафіі жадаю далейшага ўмацавання і росту ўглыб духоўнага развіцця. Няхай будзе згода між вамі заўсёды.

"Газета для вас", 07.05.2010
Павел ДАЙЛІД

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 82 разоў (-ы)