Царква
I ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць, ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 5:3-4)
Галоўная Навіны за 2010 год
Памер шрыфту

8.07.2010

Беларускі сьвятар з Бельгіі на закрыцьці Году сьвятарства

Па запрашэньні Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў з нагоды завяршэньня Году сьвятарства, абвешчанага летась Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI, парах беларускай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога мучаніка Язафата і Ўваскрасеньня Хрыстовага сьвятар Ян Майсейчык зьдзейсьніў пяцідзённае паломніцтва ў Вечны Горад да магілаў сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, сьвятога мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і сьвятаначальніка Міколы Цудатворцы, архібіскупа Міраў Лікійскіх, нятленныя мошчы якога спачываюць у італійскім горадзе Бары.

У першыя два дні паломніцтва 9-10 чэрвеня 2010 году айцец Ян прыняў удзел ва ўрачыстым Міжнародным Кангрэсе Сьвятароў, што праходзіў ў базыліцы сьвятога апостала Паўла за мурам (менавіта пад алтаром гэтага храму знаходзіцца магіла гэтага сьвятога Апостала і ягоныя мошчы). На Кангрэсе прысутнічала больш за 60 біскупаў і каля 9 тысячаў сьвятароў з усяго сьвету. Адправа сьвятой Літургіі, пакланеньне Сьвятым Дарам, літаніі – усё гэта спрыяла ўзьнёсламу духоўнаму настрою прысутнага сьвятарства, а багаслоўскія даклады, якія былі зробленыя выдатнымі тэолагамі, такімі як кардынал Якімус Мейснэр ды дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бертонэ, былі скіраваныя, каб натхніць сьвятарства да больш руплівага служэньня Еўхарыстыі і плённага місіянерства.

Пасьля гэтага душпастыр беларускіх вернікаў у Бельгіі наведаў украінскую грэка-каталіцкую царкву сьвятых мучанікаў Сяргея і Вакха, дзе знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай “Madonna del Pascolo”, у нашым народзе вядомая як Жыровіцкая. Італьянскае слова “pascolo” азначае тое самае, што і старабеларускае слова “жырава” - паша, бо ікона, пазьней названая Жыровіцкай, аб’явілася ў цудоўны спосаб на грушцы, якая расла пасярод багатай пашы, дзе пастухі пасьвілі сваю скаціну. Гэтая ікона ў храме Сяргея і Вакха была сьведкам нашай гістарычнай лучнасьці з Апостальскай Сталіцай: намалявая яна была ў сівой даўніне невядомым беларусам, які праходзіў манашы подзьвіг у Рыме, але захаваў вялікую пашану да беларускай сьвятыні з Жыровічаў і ўвекавечыў яе на чужыне. Імя гэтага манаха не захавалася, ды і ікона была некаторы час забытая і аб’явілася ў цудоўны спосаб у 1730 годзе. Калі адбываліся ўрачыстасьці каранацыі Жыровіцкай іконы папскімі каронамі ў 1730 годзе ў гэтай рымскай царкве адваліўся тынк у алтарнай сьцяне. Якое ж вялікае было зьдзіўленьне манахаў, калі пад тынкам яны заўважылі старажытны фрэскавы абраз Маці Божай – копіі Жыровіцкай іконы. Акружаная пашанаю, Маці Божая праз гэты абраз спаслала потым шматлікія ласкі ад Госпада. У гэтым храме перад цудатворным абразом Багародзіцы айцец Ян адслужыў акафіст Маці Божай Жыровіцкай на беларускай мове.

Пасьля багаслужбы ў базыліцы сьв. Паўла 10 чэрвеня паломніцтва прадоўжылася ў рымскай царкве Сьвятога Духа. Тут, на малітву за еднасьць хрысьціянаў, сабраліся разам прадстаўнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў на чале з кардыналам Леанарда Сандры, Прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. На гэтым малітоўным зборы прысутнічалі сьвятары і семінарысты самых розных Каталіцкіх Цэркваў і багаслоўскіх установаў. Акрамя нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы там былі сьвятары і навучэнцы Армянскага каталіцкага калегіюму, Эфіёпскага каталіцкага калегіюму, Грэцкага каталіцкага калегіюму сьв. Атаназія, Рускага каталіцкага калегіюму сьв. Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса, Мараніцкага каталіцкага калегіюму, Калегіюму сьв. Язафата, Калегіюму сьв. Ахрэма, Калегіюму сьвя. Яна Дамаскіна, Калегіюму сьв. Васіля Вялікага, Украінскага Інтстытуту Сьвятой Марыі і іншых. Пасьля супольнай малітвы ўсе прысутныя былі запрошаныя на канцэрт духоўнай музыкі ў Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў, дзе армянскія, эфіёпскія і іншыя сьпевакі падзяліліся багацьцем сваёй культуры з іншымі паломнікамі.

Увечары таго ж дня Сьвяты Айцец Бенэдыкт запрасіў сьвятароў на Вячэрню, якую ён адправіў на плошчы сьвятога Пятра. Пасьля Вячэрні ён адказаў на пяць пытнаньняў, якія былі зададзеныя сьвятарамі – прадстаўнікамі пяці кантынентаў. Сярод гэтых пытаньняў былі і такія актуальныя, як адносіны да цэлібату, праблемы сьвятарства, малая колькасьць навучэнцаў у семінарыях. Сьвяты Айцец пацьвердзіў неабходнасьць захаваньня цэлібату, назваўшы яго няе проста халасьцяцкім станам, але ахвяраю свайго жыцьця на служэньне іншым. Адносна ж малой колькасьці семінарыстаў Папа заклікаў пакладаць надзею на Госпада і памятаць, што сьвятарства – гэта ня проста прафесія, але Боскае пакліканьне. Немагчыма проста шырока расчыніць дзьверы семінарыяў і набіраць туды студэнтаў, як гэта робяць, напрыклад, сьвецкія ўстановы. У семінарыю прыходзіць толькі той, каго кліча ласка Духа Сьвятога і хто адклікаецца на яе, і не на што іншае. Таму трэба маліць Гаспадара Жніва, каб Ён паклікаў работнікаў і каб яны пачулі голас гэтага пакліканьня.

11 чэрвеня, на ўрачыстае закрыцьцё Году сьвятарства, на набажэнства разам са Сьвятым Айцом на плошчу сьв. Пятра ў Ватыкане сабраліся больш за 300 біскупаў, шмат кардыналаў, 15 тысячаў сьвятароў, велізарная колькасьць манахаў і манахіняў, семінарыстаў і сьвецкіх вернікаў з усяго сьвету.

Пасьля сьв. Імшы Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI блаславіў усё сьвятарства на подзьвіг служэньня Народу Божаму і заклікаў пераадольваць усе цяжкасьці і прыкрасьці, якія зьвязаныя з гэтым служэньнем у сучасным сьвеце.

Пасьля ўшанаваньня рымскіх сьвятыняў а. Ян Майсейчык адправіўся ў горад Бары на поўдні Італіі, дзе ў разам з манахамі-дамініканамі, якія апякуюцца тамашнімі сьвятынямі, прыняў удзел Малітве за еднасьць хрысьціянаў. 12 чэрвеня айцец Ян адслужыў Боскую Літургію на мошчах сьвятаначальніка Міколы Цудатворцы, архібіскупа Міраў Лікійскіх, у інтэнцыі антвэрпанскай грэка-каталіцкай парафіі, усіх яе вернікаў, і за тых, чые імёны былі пададзеныя руплівымі вернікамі перад пачаткам паломніцкага падарожжа.

 

 

Айцец Ян Майсейчык у базыліцы сьв. Мікалая ў Бары.
Трэба адзначыць, што сьвяты Мікалай вельмі шанаваны хрысьціянамі, як каталікамі, так і праваслаўнымі. У крыпце, дзе спачываюць мошчы гэтага Сьвятога Біскупа, заўсёды ёсьць малельнікі, якія просяць заступніцтва сьв. Мікалая перад Богам.

 

 

 

Алтар у базыліцы сьв. Мікалая ў Бары.
Цікава таксама адзначыць, што Бары належыла роду Сфорцаў, з якога паходзіла жонка караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта I - каралева Бона Сфорца, з дзейнасьцю якой зьвязаныя многія важныя падзеі ў гісторыі нашага краю.

Завершылася паломніцтва ушанаваньнем сьвятога мучаніка Сабіна, замучанага за веру ў першыя стагоддзі хрысьцінства. Мошчы яго спачываюць у рыма-каталіцкай катэдры ў Старым Горадзе ў Бары.

Паводле http://bielarus.eu

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 94 разоў (-ы)