Царква
Калі подуешь на іскру, яна разгарыцца, а калі плюнеш на яе, згасне: тое і іншае выходзіць з вуснаў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 28:14)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

01.01.2011

Пасланьне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI на Сусьветны дзень міру 2011

«На пачатку Новага году прагну ўсім і кожнаму асабіста скласьці пажаданьні. Гэта пажаданьні душэўнага супакою і посьпеху, але перш за ўсё пажаданьне міру», — чытаем у Пасланьні Сьвятога Айца Бенядыкта XVI на Сусьветны дзень міру 2011 году.

Рэлігійная свабода — шлях да міру

1. На пачатку Новага году прагну ўсім і кожнаму асабіста скласьці пажаданьні. Гэта пажаданьні душэўнага супакою і посьпеху, але перш за ўсё пажаданьне міру. Таксама гэты год, які набліжаецца да свайго завяршэньня, на жаль, ня быў свабодны ад перасьледаў, дыскрымінацыі, жахлівых актаў насільля і рэлігійнай неталерантнасьці.

Мая думка кіруецца асабліва да дарагой іракскай зямлі, краіны, якая імкнецца да так жаданай стабільнасьці і паяднаньня, аднак дзе надалей пануе насільле і замах на жыцьцё. Мне прыгадваюцца нядаўнія цярпеньні хрысьціянскай супольнасьці, а асабліва нягоднае нападзеньне на сіра-каталіцкую катэдру Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Багдадзе, дзе 31 кастрычніка гэтага году былі забітыя два сьвятары і больш за пяцьдзясят вернікаў, сабраных на сьвятой Імшы. Пасьля гэтага праз некалькі дзён дайшло да новых нападаў, у тым ліку і на прыватныя дамы, што абудзіла ў хрысьціянскай супольнасьці страх, а ў многіх яе членаў прагненьне эміграваць у пошуку лепшых умоваў жыцьця. Запэўніваю, што духоўна я разам з імі, з імі ўся Царква, а гэтая блізкасьць канкрэтна была выяўлена падчас нядаўняга сьпецыяльнага пасяджэньня Сіноду Біскупаў, прысьвечанага Блізкаму Ўсходу. Ён скіраваў словы заахвочваньня да каталіцкіх супольнасьцяў, якія жывуць у Іраку і на ўсім Блізкім Усходзе, каб жылі ў еднасьці і надалей давалі на гэтых землях адважнае сьведчаньне веры.

Шчыра дзякую ўрадам, якія прыкладаюць намаганьні, каб палегчыць цярпеньні тым братам у чалавецтве, і прашу католікаў аб малітве за братоў у веры, якія зьведваюць насільле і неталерантнасьць, а таксама аб салідарнасьці з імі. У гэтай сітуацыі я прыйшоў да перакананьня, што асабліва адпаведнай справай будзе тое, калі падзялюся з вамі некаторымі разважаньнямі на тэму рэлігійнай свабоды, якая зьяўляецца шляхам да міру. З болем трэба сьцьвердзіць, што ў некаторых рэгіёнах сьвету немагчыма свабоднае вызнаньне і выказваньне ўласнай рэлігіі бяз рызыкі страціць жыцьцё і асабістую свабоду. У іншых рэгіёнах выступаюць больш маўклівыя і вытанчаныя формы прадузятасьці і супраціўленьня адносна вернікаў і рэлігійных сымбаляў. Хрысьціяне зьяўляюцца ў дадзены час рэлігійнай групай, якая найбольш церпіць перасьлед з прычыны сваёй веры. Многія з іх штодзень сустракаюцца са зьнявагай і часта жывуць у страху з прычыны таго, што шукаюць праўду, вераць у Ісуса Хрыста і шчыра заклікаюць да рэлігійнай свабоды. З усім гэтым нельга згаджацца, бо гэта абражае Бога і годнасьць чалавека; больш за тое, нясе пагрозу для бясьпекі і міру, а таксама робіць немагчымым аўтэнтычнае інтэгральнае разьвіцьцё чалавека.

У рэлігійнай свабодзе знаходзіцца выяўленьне сьпецыфікі чалавечай асобы, якая дзякуючы ёй можа арыентаваць сваё асабістае жыцьцё і жыццё ў грамадзтве на Бога; у Яго сьвятле становяцца цалкам зразумелымі тоеснасьць, сэнс і мэта існаваньня асобы. Самавольнае адмаўленьне або абмежаваньне гэтай свабоды раўназначна культываваньню звужанага бачаньня чалавечай асобы; прыкрываньне публічнай ролі рэлігіі раўназначна стварэньню несправядлівага грамадзтва, бо яно не адпавядае сапраўднай прыродзе чалавечай асобы; раўназначна перашкоджаньню для ўсталяваньня сапраўднага і трывалага міру ва ўсёй чалавечай сям’і.

Таму заклікаю людзей добрай волі да аднаўленьня актыўнага ўдзелу ў будаваньні сьвету, у якім усе змогуць свабодна абвяшчаць сваю рэлігію ці сваю веру і жыць любоўю да Бога ўсім сэрцам, усёю душою і ўсім розумам (пар. Мц 22, 27). Гэтае пачуцьцё зьяўляецца натхненьнем і матывам Пасланьня на 44-ы Сусьветны дзень міру, тэма якога: «Рэлігійная свабода — шлях да міру».


Сьвятое права на жыцьцё і на духоўнае жыцьцё

2. Права на рэлігійную свабоду ўкаранёнае ў годнасьці чалавечай асобы, трансцэндэнтнай прыродай якой нельга ні пагарджаць, ні ігнараваць яе. Бог стварыў мужчыну і жанчыну на свой вобраз і сваё падабенства (пар. Быц 1, 27). Таму кожная асоба адорана сьвятым правам на поўнае жыцьцё, таксама і духоўнае. Калі не прымае сваёй духоўнай сутнасьці, калі не адкрываецца на трансцэндэнцыю, чалавечая асоба засяроджваецца на сабе і ня зможа ні знайсьці адказу на пытаньні пра сэнс жыцьця, якія гучаць у сэрцы, ні здабыць трывалых каштоўнасьцяў і этычных асноваў, ня зможа таксама зьведаць сапраўднай свабоды і будаваць справядлівае грамадзтва.

Сьвятое Пісаньне, падобна як і наш вопыт, кажа пра вялікую каштоўнасьць чалавечай годнасьці: “Калi гляджу на нeба, твoр рук Тваix, на мeсяц i зoркi, якiя Ты стварыў, дык xтo ёсьць чалавeк, штo Ты памятаeш пра ягo, і сын чалавeчы, штo Ты пра ягo дбаeш? Ты зрабiў ягo мала мeншым за анёлаў, славаю i пашанаю вянчаў ягo, паставiў ягo гаспадарoм над твoрамi рук Тваix, усё паклаў пад нoгi яму” (пар. Пс 8, 4–7).

Перад цудоўнай рэчаіснасьцю чалавечай прыроды нас можа агарнуць тое самае зьдзіўленьне, пра якое кажа аўтар псальму. Яна праяўляецца ў адкрыцьці на Таямніцу, у здольнасьці задаваньня сабе глыбокіх пытаньняў пра саміх сябе і аб паходжаньні сусьвету, як адбітак у глыбіні сэрца найвышэйшай Любові Бога, пачатку і канцы ўсіх рэчаў, кожнага чалавека і народаў. Трансцэндэнтная годнасьць асобы зьяўляецца істотнай каштоўнасьцю юдэйска-хрысьціянскай мудрасьці, а дзякуючы розуму можа быць прызнаная ўсімі. Гэтую годнасьць, якая разумеецца як здольнасьць да выхаду за межы ўласнай матэрыяльнасьці і шуканьня праўды, належыць прызнаць дабром паўсюдным, неабходным для будаваньня грамадзтва, якое мае на мэце рэалізацыю і паўнату чалавека. Шанаваньне асноўных элементаў годнасьці чалавека, такіх, як права на жыцьцё, права на рэлігійную свабоду, зьяўляецца ўмовай маральнага пацьвярджэньня ўсялякай грамадзкай і прававой нормы.


Рэлігійная свабода і ўзаемная пашана

3. Рэлігійная свабода знаходзіцца ля крыніц маральнай свабоды. Па сутнасьці, адкрыцьцё на праўду і на дабро, адкрыцьцё на Бога, закаранёнае ў чалавечай прыродзе, надае кожнаму чалавеку поўную годнасьць і гарантуе поўную ўзаемную пашану асобаў. Таму рэлігійную свабоду трэба разумець ня толькі як недахоп прымусу, але перш за ўсё як здольнасьць падпарадкаваньня ўласных выбараў праўдзе.

Існуе шчыльная сувяць паміж свабодай і пашанай; па сутнасьці «паасобныя людзі і калектывы ў карыстаньні сваімі правамі абавязаны маральным правам браць пад увагу правы іншых людзей, а таксама свае абавязкі адносна іншых і адносна супольнага дабра».

Свабода, настроеная варожа ў адноснах да Бога або абыякавая да Яго, у рэшце рэшт супярэчыць сама сабе і не гарантуе поўнай пашаны іншага чалавека. Калі воля лічыцца цалкам няздольнай да пошуку праўды і дабра, яна ня мае аб’ектыўных прычынаў і матывацыяў да дзеяньня, а толькі хвілінныя і выпадковыя інтарэсы, ня мае «тоеснасьці», якую трэба абараняць і фармаваць праз сапраўды свабодныя і сьвядомыя выбары. Таму немагчыма патрабаваць пашаны з боку «волі» іншых, таксама адарваных ад сваёй найглыбейшай істоты, якія могуць патрабаваць прызнаньня іншых «праўд» або проста недахопу «праўд». Ілюзія, што маральны рэлятывізм можа быць шанцам для мірнага суіснаваньня, у сапраўднасьці зьяўляецца крыніцай падзелаў і адмаўленьня годнасьці чалавечых істот. Таму зразумела тое, што ў адзінзтве чалавечай асобы трэба прызнаць два вымярэньні: вымярэньне рэлігійнае і вымярэньне грамадзкае. У сувязі з гэтым цяжка сабе ўявіць, каб вернікі «мусілі адрачыся часткі саміх сябе — сваёй веры — каб быць актыўнымі грамадзянамі. Ніколі не павінна ўзьнікнуць неабходнасьць выгнаньня Бога, каб мець магчымасьць карыстацца сваімі правамі».


Сям’я — школа свабоды і міру

4. Паколькі рэлігійная свабода зьяўляецца шляхам да міру, то рэлігійнае выхаваньне зьяўляецца плённым спосабам навучаньня новых пакаленьняў прызнаньню ў іншым чалавеку брата і сястры, з якімі трэба разам ісьці па шляху і супрацоўнічаць, каб усе адчувалі сябе членамі адной чалавечай сям’і, з якой ніхто не павінен быць выключаны. Сям’я, якая абапіраецца на сужэнстве і выражае шчыльную і складаную сувязь мужчыны і жанчыны, утварае ў гэтай сітуацыі першую школу, у якой выхоўваюцца і разьвіваюцца з пункту гледжаньня грамадзкага, культурнага, маральнага і духоўнага дзеці, якія заўсёды павінны бачыць у бацьку і маці першых сьведкаў жыцьця, накіраванага на пошук праўды і Божай любові. Бацькі павінны заўсёды мець магчымасьць перадаваць дзецям свабодна, без прымусу і з адказнасьцю ўласную спадчыну веры, каштоўнасьці і культуру. Сям’я, першая клетка чалавечай супольнасьці, зьяўляецца асноўнай сферай выхаваньня гарманічных адносінаў на ўсіх узроўнях чалавечага суіснаваньня як народа і ў міжнароднай плоскасьці. Гэтым шляхам належыць кіравацца мудра, каб будаваць трывалую і салідарную грамадзкую тканку, каб рыхтаваць маладых людзей да адказнага прыняцьця сваіх жаданьняў у жыцьці, у свабодным грамадзтве, у духу разуменьня і міру.


Супольная спадчына

5. Можна сказаць, што сярод асноўных правоў і свабод, укаранёных у годнасьці асобы, статус рэлігійнай свабоды мае сьпецыфічны характар. Калі рэлігійная свабода прызнаецца, то годнасьць чалавечай асобы шануецца ля самых асноваў, а etos і народныя інстытуцыі ўмацоўваюцца. І наадварот, калі рэлігійная свабода адмаўляецца, калі робяцца спробы зрабіць немагчымым вызнаваньне сваёй рэлігіі ці сваёй веры ды жыцьцё, згоднае з імі, калі зьневажаецца годнасьць чалавека, а адначасова прыводзіць да страты справядлівасьці і міру, якія абапіраюцца на правільным грамадзкім парадку, пабудаваным ў сьвятле Найвышэйшай Праўды і Найвышэйшага Дабра.

У гэтым сэньсе рэлігійная свабода зьяўляецца таксама здабыткам палітычнай і прававой культуры. Яна зьяўляецца асноўным дабром: кожны чалавек павінен мець магчымасьць свабодна карыстацца правам на вызнаньне і выказваньне — як індывідуальнае, так і ў супольнасьці — уласнай рэлігіі ці ўласнай веры, як публічна, так і прыватна, у навучаньні, практыцы, публікацыях, адпраўленьні набажэнстваў і сакрамэнтаў. Не павінен сустракаць перашкодаў у тым выпадку, калі б захацеў прыняць іншую рэлігію ці не вызнаваць ніякай. У гэтым сьвятле знакавым ёсьць міжнароднае права, якое зьяўляецца важным пунктам адліку для дзяржаваў, бо не дапускае ніякіх адступленьняў ад рэлігійнай свабоды, за выключэньнем недахопу пашаны слушных патрабаваньняў публічнага ладу, згоднага са справядлівасьцю. Такім чынам, міжнароднае заканадаўства прызнае правам рэлігійнай натуры такі самы статус, які мае права на жыцьцё і на асабістую свабоду, як пацьвярджэньне факту, што яны належаць да найважнейшых правоў чалавека, да правоў універсальных і натуральных, з якімі закон, устаноўлены чалавекам, ня можа быць спрэчным.

Рэлігійная свабода не зьяўляецца выключнай спадчынай вернікаў, але ўсёй сям’і народаў зямлі. Гэта абавязковы элемент закону дзяржавы; яго нельга адмаўляць, не ўзважыўшы адначасова ўсіх асноўных правоў і свабод, бо яна зьяўляецца сінтэзам і вяршыняй. Яна паказвае, у якой ступені шануюцца ўсе іншыя правы чалавека. Робячы магчымым карыстаньне сьпецыфічнымі правамі чалавека, яна стварае неабходныя перадумовы ажыцьцяўленьня інтэгральнага разьвіцця, якое ахоплівае ўсю асобу ва ўсіх яе вымярэньнях.


Публічнае вымярэньне рэлігіі

6. Рэлігійная свабода — як і кожная свабода — бярэ пачатак у асабістай сферы, але рэалізуецца ў адносінах з іншымі. Свабода без адносінаў не зьяўляецца поўнай свабодай. Таксама рэлігійная свабода ня зводзіцца толькі да індывідуальнага вымярэньня, але рэалізуецца ва ўласнай супольнасьці і ў грамадзтве, згодна з тым, што асоба зьяўляецца істотай камунікатыўнай, а рэлігія мае публічны характар.

Адносіны — гэта вырашальны элемент рэлігійнай свабоды, які зьяўляецца для супольнасьцяў вернікаў імпульсам да практыкаваньня салідарнасьці дзеля супольнага дабра. У такім супольнасным вымярэньні кожная асоба застаецца адзінай і непаўторнай, а адначасова дасягае паўнаты і ў паўнаце рэалізуецца.

Унёсак рэлігійных супольнасьцяў у грамадзтва зьяўляецца бясспрэчным. Існуе шмат дабрачынных і культурных установаў, якія сьведчаць пра канструктыўную ролю вернікаў у грамадзкім жыцьці. Яшчэ большае значэньне мае этычны ўклад рэлігіі ў палітычную сферу. Замест таго, каб быць другарадным або забароненым, ён павінен успрымацца як важны ўнёсак ў папулярызацыю супольнага дабра. У гэтай персьпектыве трэба ўзгадаць пра рэлігійнае вымярэньне культуры, якая праз вякі стваралася дзякуючы грамадзкаму, а перш за ўсё этычнаму ўкладу рэлігіі. Гэтае вымярэньне абсалютна не азначае дыскрымінацыі асобаў, якія не вызнаюць той жа веры, але хутчэй узмацняе лучнасьць грамадзтва, інтэграцыю і салідарнасьць.


Рэлігійная свабода як сіла свабоды і цывілізацыі — небясьпека, якая вынікае з інструменталізацыі

7. Інструментальнае выкарыстаньне рэлігійнай свабоды для маскаваньня схаваных інтарэсаў, такіх, напрыклад, як зьвяржэньне ўстаноўленага парадку, захоп рэсурсаў або ўтрыманьне ўлады нейкай групай, можа прывесьці да велізарнай шкоды ў грамадзтве. Фанатызм, фундаменталізм, дзеяньні, якія наносяць шкоду чалавечай годнасьці, ніколі нельга апраўдваць, а тым больш, калі гэта робіцца ў імя рэлігіі. Вызнаваньне дадзенай рэлігіі ня можа выкарыстоўвацца інструментальна або насаджацца сілай. Такім чынам, дзяржавы і розныя людзкія супольнасьці ня могуць забываць, што рэлігійная свабода зьяўляецца ўмовай пошуку праўды, а праўда не насаджаецца сілаю, але «моцаю самой праўды». У такім сэньсе рэлігія зьяўляецца пазітыўнай і мабілізуючай сілай для будаваньня грамадзянскага і палітычнага калектыва.

Хіба можна запярэчыць, што вялікія рэлігіі сьвету ўнесьлі ўклад у разьвіцьцё цывілізацыі? Шчыры пошук Бога прывёў да большай пашаны годнасьці чалавека. Хрысьціянскія супольнасьці са сваёй спадчынай каштоўнасьцяў і правілаў значна паспрыялі таму, што асобы і народы ўсьвядомілі ўласную тоеснасьць і годнасьць, а таксама спрычыніліся да ўзьнікненьня дэмакратычных інстытуцыяў і сфармуляваньня правоў чалавека і адпаведных ім абавязкаў.

Таксама і ў сёньняшні час ва ўсё больш глабалізаваным грамадзтве хрысьціяне маюць абавязак — ня толькі праз адпаведны ўдзел у грамадзкім, гаспадарчым і палітычным жыцьці, але таксама праз сьведчаньне любові да бліжняга і веры — уносіць каштоўны ўклад у цяжкую і ўзьнёслую справу справядлівасьці, ўсебаковага разьвіцьця чалавека і належнага ўпарадкаваньня чалавечых справаў. Выключэньне рэлігіі з публічнага жыцьця пазбаўляе яе жыцьцёвай прасторы, якая адкрывае на трансцэндэнтнасьць. Бяз гэтага першараднага вопыту няпростай справай становіцца ўказваньне грамадзтвам абавязковасьці захаваньня ўніверсальных этычных нормаў ды цяжкім зьяўляецца ўстанаўленьне дзяржаўных і міжнародных парадкаў, у якіх асноўныя правы і свабоды ў паўнаце прызнаваліся б і ўводзіліся ў жыцьцё згодна мэтаў — на жаль, яшчэ не дасягнутых ці не прынятых — Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 г.

Пытаньне справядлівасьці і цывілізацыі: фундаменталізм і варожасьць у адносінах да вернікаў пагражае пазітыўнай сьвецкасьці дзяржаваў

8. З такой жа рашучасьцю, з якой асуджаюцца ўсялякія формы фанатызму і рэлігійнага фундаменталізму, неабходна супрацьстаяць таксама ўсялякім формам варожасьці да рэлігіі, якія абмяжоўваюць публічную ролю вернікаў у грамадзкім і палітычным жыцьці.

Нельга забываць, што рэлігійны фундаменталізм і сьвецкасьць раўназначныя адно аднаму і зьяўляюцца крайнімі формамі адкіданьня дазволенага правам плюралізму і асноваў сьвецкасьці. Бо адно і другое абсалютызуюць даверанае прынятае няпоўнае бачаньне чалавечай асобы, у першым выпадку спрыяючы розным формам рэлігійнага інтэгралізму, у другім жа — рацыяналізму. Грамадзтва, якое хоча насадзіць рэлігію ці, наадварот, адкінуць яе з дапамогаю сілы, зьяўляецца несправядлівым да чалавека і Бога і да сябе самога таксама. Бог кліча чалавецтва да сябе праз задуму любові, якая агортвае ўсю асобу ў яе натуральным і духоўным вымярэньні, каб адказаць на яе свабодна і з адказнасьцю, усім сэрцам і ўсёй сваёю сутнасьцю, індывідуальна і ў супольнасьці. А таму таксама грамадзтва, як выяўленьне асобы з усімі яе канструктыўнымі вымярэньнямі, павінна жыць так, каб палегчыць яе адкрыцьцё на трансцэндэнтнасьць. Менавіта з гэтага пункту гледжаньня, ствараючы закон і інстытуцыі дадзенага грамадзтва, нельга пазьбягаць рэлігійнага вымярэньня грамадзянаў, цалкам ад яго абстрагуючыся. Праз дэмакратычныя дзеяньні грамадзянаў, сьведамых свайго ўзьнёслага пакліканьня, павінна адлюстравацца сутнасьць асобы, каб яны маглі дастасавацца да рэлігійнага вымярэньня. Не зьяўляючыся творам дзяржавы, яно [рэлігійнае вымярэньне] ня можа маніпулявацца ёю, аднак павінна быць прызнанае і шанаванае.

Заканадаўства на ўсіх узроўнях — нацыянальным і міжнародным — якое дапускае рэлігійны ці антырэлігійны фанатызм, здраджвае сваёй місіі, заснаванай на абароне і прапагандаваньні справядлівасьці і права кожнага чалавека. Гэтая рэчаіснасьць ня можа залежаць ад волі заканадаўцы ці большасьці, бо, як ужо навучаў Цыцэрон, справядлівасьць зьяўляецца нечым большым, чым проста акт вяршэньня закону ці яго прымяненьня. Яна прадугледжвае неабходнасьць прызнаньня годнасьці кожнага чалавека, якая без рэлігійнай свабоды — гарантаванай і выкарыстоўваемай паводле яе сутнасьці — зьяўляецца пакалечанай і зьняважанай, яна лёгка можа аказацца ва ўладаньні бажкоў, маёмасьці адноснай, ператворанай у абсалютную. Усё гэта падвяргае грамадзтва небясьпецы палітычных і ідэалагічных таталітарызмаў, якія ставяць надзвычай моцны націск на грамадзкую ўладу, у той жа час падаўляючы, нібы канкурэнта, свабоду сумленьня, свабоду думкі і рэлігійную свабоду.


Дыялог паміж сьвецкімі і рэлігійнымі інстытуцыямі

9. Спадчына нормаў і каштоўнасьцяў, якія выяўляюцца праз аўтэнтычную рэлігійнасьць, зьяўляецца багацьцем для народаў і іх этасаў. Яна прамаўляе непасрэдна да сумленьня і розуму людзей, нагадвае пра неабходнасьць маральнага навяртаньня, матывуе да сістэматычнага ўзрастаньня ў цнотах і да ўзаемнай блізкасьці з любоўю, у духу братэрства, як члены адной чалавечай сям’і.

З пашанаю ставячыся да пазітыўнай сьвецкасьці дзяржаўных інстытуцыяў, публічнае вымярэньне рэлігіі павінна заўсёды прызнавацца. Галоўнае значэньне тут мае здаровы дыялог паміж дзяржаўнымі і рэлігійнымі інстытуцыямі, які служыць усебаковаму разьвіцьцю чалавечай асобы і жыцьцю грамадзтва ў гармоніі.


Жыцьцё ў любові і праўдзе

10. У глабалізаваным сьвеце, характэрнай рысай якога зьяўляюцца грамадзтвы ўсё больш шматэтнічныя і шматрэлігійныя, вялікія рэлігіі могуць быць важным фактарам еднасьці і супакою ў чалавечай сям’і. Тыя, хто іх вызнае, кіруючыся сваімі рэлігійнымі перакананьнямі і рацыянальна шукаючы супольнае дабро, павінны з адказнасьцю спаўняць сваю місію, маючы магчымасьць карыстацца свабодай веравызнаньня. У розных рэлігійных культурах неабходна адкінуць усё, што скіравана супраць годнасьці мужчыны і жанчыны, і ў той жа час умацоўваць тое, што пазітыўна ўплывае на грамадзянскае суіснаваньне.

Грамадзкая прастора, якую міжнародная супольнасьць прызнае за рэлігіямі і іх прапановай «добрага жыцьця», робіць магчымым усталяваньне прызнанай грамадзтвам меры праўды і дабра, а таксама маральнага кансэнсусу, што мае фундаментальнае значэньне для справядлівага і мірнага суіснаваньня.

Зьверхнікі вялікіх рэлігіяў з пункту гледжаньня на сваю ролю, уплывовасьць і ўладу ў сваіх супольнасьцях першыя абавязаны імкнуцца да ўзаемнай пашаны і дыялогу.

Хрысьціянаў, у сваю чаргу, сама вера ў Бога, Айца Госпада Ісуса Хрыста, прысьпешвае да таго, каб жылі як браты, якія сустракаюцца ў Царкве і супрацоўнічаюць у будаваньні сьвету, у якім асобы і народы «ня будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо будзе напоўнена зямля пазнаньнем Госпада, як водамі напаўняецца мора» (пар. Іс 11, 9).


Дыялог як супольны пошук

11. Для Царквы дыялог паміж прадстаўнікамі розных веравызнаньняў зьяўляецца важнай прыладай супрацоўніцтва з усімі рэлігійнымі супольнасьцямі, мэта якога — супольнае дабро. Царква нічога не адкідае з таго, што ў розных рэлігіях зьяўляецца праўдзівым і сьвятым. «Са шчырай пашанай яна такім чынам прыглядаецца да тых спосабаў дзеяньня і жыцьця, да тых наказаў і дактрынаў, якія хоць у многім і адрозьніваюцца ад таго, у што сама верыць і што прадпісвае, але ў якіх нярэдка адбіваецца прамень той Праўды, якая асьвятляе ўсіх людзей».

Указаны шлях не зьяўляецца шляхам рэлятывізму ці рэлігійнага сінкрэтызму. Бо «Царква абвяшчае і абавязана нястомна абвяшчаць Хрыста, які ёсьць “дарога і праўда, і жыцьцё“ (пар. Ян 14, 6), у якой людзі знаходзяць поўню рэлігійнага жыцьця і ў якой Бог усё паяднаў з сабою». Гэта, аднак, не выключае дыялогу і супольнага пошуку праўды ў розных сферах жыцьця, бо — як часта паўтараў сьв. Тамаш Аквінскі — «усялякая праўда, хто б яе не абвяшчаў, паходзіць ад Духа Сьвятога».

У 2011 г. спаўняецца 25-я гадавіна Сусьветнага дня малітвы аб міры, сустрэчы, скліканай у Асізі ў 1986 г. найдастойнейшым Янам Паўлам ІІ. Зьверхнікі вялікіх рэлігіяў сьвету далі тады сьведчаньне, што рэлігія зьяўляецца элементам еднасьці і міру, а не падзелу і канфліктаў. Успамін перажытага тады пабуджае да надзеі на будучыню, у якой ўсе вернікі адчуюць сябе і сапраўды будуць будаўнікамі справядлівасьці і супакою.


Маральная праўда ў палітыцы і ў дыпламатыі

12. Палітыка і дыпламатыя павінны браць пад увагу маральную і духоўную спадчыну вялікіх рэлігіяў сьвету, каб прызнаць і пацьвердзіць праўду, універсальныя прынцыпы і каштоўнасьці, якія нельга не прызнаваць, бо гэта прывяло б да адмаўленьня годнасьці чалавечай асобы. Аднак што на практыцы азначае прапагандаваньне маральнай праўды ў сьвеце палітыкі і дыпламатыі? Гэта азначае адказнае дзеяньне, якое абапіраецца на аб’ектыўных і даставерных фактах; гэта азначае дэканструкцыю палітычных ідэалогіяў, якія выціскаюць праўду і годнасьць чалавека і жадаюць пашыраць псеўдакаштоўнасьці пад прэтэкстам міру, разьвіцьця ды правоў чалавека; гэта адзначае падтрымку нястомных імкненьняў да ўстанаўленьня пазітыўнага закону, што абапіраецца на прынцыпах натульнага права. Усё гэта абавязковае і адпавядае прынцыпу пашаны годнасьці і вартасьці чалавечай асобы, зацьверджанаму народамі зямлі ў Хартыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў 1945 г., якая падае ўніверсальныя маральныя вартасьці і прынцыпы, якія павінны быць зыходным пунктам для нормаў, інстытуцыяў, сістэмаў суіснаваньня на нацыянальным і міжнародным узроўні.


Неабходна вызваліцца ад нянавісьці і прадузятасьцяў

13. Не зважаючы на ўрокі гісторыі і заангажаваньне дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў на сусьветным і лакальным узроўні, пазаўрадавых арганізацыяў, а таксама ўсіх людзей добрай волі, якія штодзень дбаюць пра абарону асноўных правоў і свабодаў, сёньня яшчэ ёсьць у сьвеце перасьлед, розныя формы дыскрымінацыі, акты насільля і неталерантнасьці на падставе рэлігіі. У прыватнасьці ў Азіі і Афрыцы іх ахвярамі становяцца ў асноўным прадстаўнікі рэлігійных меншасьцяў, для якіх робяць немагчымым свабодна вызнаваць сваю рэлігію ці зьмяняць яе праз запалохваньне ды парушэньне правоў, асноўных свабодаў і элементарных рэчаў і больш таго пазбаўляюць асабістай свабоды ці нават жыцьця.

Існуюць акрамя гэтага — як я ўжо сказаў — больш вытанчаныя формы варожасьці да рэлігіі, праяваю якіх у заходніх краінах іншы раз бывае выцісканьне гісторыі і рэлігійных сымбаляў, якія зьяўляюцца адлюстраваньнем тоеснасьці і культуры большасьці грамадзянаў. Часта гэта распальвае нянавісьць і прадузятасьць ды не адпавядае мірнаму і ўраўнаважанаму бачаньню плюралізму і сьвецкасьці інстытуцыяў, ня кажучы ўжо пра рызыку, што новыя пакаленьні ня будуць ведаць каштоўную духоўную спадчыну сваіх краінаў. Абарона рэлігіі шчыльна звязаная з абаронай правоў і свабодаў рэлігійных супольнасьцяў. Таму зьверхнікі вялікіх рэлігіяў сьвету і асобы, адказныя за народы, павінны з адноўленай заўзятасьцю працаваць для падтрымкі і абароны рэлігійных меншасьцяў, якія не зьяўляюцца пагрозай для тоеснасьці большасьці, наадварот, ствараюць магчымасьць для дыялогу і ўзаемнага ўзбагачэньня культур. Іх абарона зьяўляецца дасканалым метадам пашырэньня зычлівасьці, адкрытасьці і ўзаемнасьці, праз якія неабходна абараняць галоўныя правы і свабоды ва ўсіх сферах і рэгіёнах сьвету.


Рэлігійная свабода ў сьвеце

14. На заканчэньне зьвяртаюся да хрысьціянскіх супольнасьцяў, якія церпяць з прычыны перасьледу, дыскрымінацыі, актаў насільля і неталерантнасьці, у прыватнасьці ў Азіі, у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, а асабліва ў Сьвятой Зямлі, месцы абраным і блаславёным Богам. Яшчэ раз выказваю ім маю айцоўскую любоў і запэўніваю ў малітве, а адначасова прашу ўсіх, хто займае кіруючыя пасады, пра неадкладныя захады, каб больш ніхто не наносіў крыўды хрысьціянам, якія жывуць у гэтых рэгіёнах. Каб вучні Хрыста не падалі духам перад абліччам існуючых нягодаў, бо даваньне сьведчаньня Евангельля ёсьць і заўсёды будзе знакам супраціву.

Будзем разважаць у нашых сэрцах над словамі Госпада Ісуса: «Шчасьлівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. (…) Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць Валадарзтва Нябеснае. Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і перасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля Мяне. Радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая» (пар. Мц 5, 4–12). Затым прамовім «прыняты намі абавязак імкнуцца да ўзаемаразуменьня і прабачэньня, аб чым молімся Богу ў “Ойча наш”, бо мы самі акрэсьлілі ўмовы і меру так жаданай міласэрнасьці. Таму просім: “Даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым”» (пар. Мц 6, 12). Насільле не перамагаецца насільлем. Няхай за нашым крыкам веры заўсёды будзе вера, надзея і сьведчаньне любові Бога. Выказваю таксама надзею, што на Захадзе, асабліва ў Еўропе, пазбавяцца варожасьці і прадузятасьці да хрысьціянаў, народжаных з таго, што яны прагнуць жыць паводле каштоўнасьцяў і прынцыпаў, якія ёсьць у Евангельлі. Няхай Еўропа лепш паяднаецца са сваімі хрысьціянскімі каранямі, якія маюць падставовае значэньне для разуменьня ролі, якую адыгрывала, адыгрывае і хоча адыгрываць у гісторыі; тады яна зможа жыць у праўдзе, згодзе і супакоі, ведучы шчыры дыялог з усімі народамі.


Рэлігійная свабода — шлях да супакою

15. Сьвету патрэбны Бог. Патрэбны ўніверсальныя і супольна прызнаныя этычныя і духоўныя каштоўнасьці, а рэлігія можа ўнесьці каштоўны ўклад у іх пошук, каб удалося пабудаваць справядлівы і мірны грамадзкі лад на нацыянальным і міжнародным узроўні.

Супакой зьяўляецца дарам Бога і адначасова праектам да выкананьня, які ніколі цалкам не рэалізаваны. Грамадзтва, паяднанае з Богам, бліжэй да супакою, які не зьяўляецца проста адсутнасьцю вайны, не зьяўляецца выключна плёнам узброенай ці эканамічнай перавагі, не зьяўляецца таксама падступнай акцыяй або спрытнай маніпуляцыяй. Супакой ёсьць вынікам працэсу ачышчэньня і культурнага, маральнага і духоўнага ўзрастаньня кожнага чалавека і народу, у якім годнасьць чалавека шануецца цалкам. Заахвочваю ўсіх, хто прагне стаць будаўнікамі супакою, а асабліва маладых людзей, прыслухоўвацца да свайго ўнутранага голасу, каб знайсьці ў Богу сталую зыходную кропку для атрыманьня сапраўднай свабоды; невычарпальнай сілы, якая дазваляе кіраваць сьветам у новым духу, так, каб не паўтараць памылак мінулага. Слуга Божы Павел VI, мудрасьці і дальнабачнасьці якога дзякуем за ўстанаўленьне Сусьветнага дня міру, вучыць: «Перш за ўсё міру трэба даць іншую зброю, чым тая, якая служыць забіцьцю і зьнішчэньню чалавецтва. Перш за ўсё патрэбна маральная зброя, якая дае моц і прэстыж міжнароднаму праву; па-першае, захаваньне пактаў». Рэлігійная свабода зьяўляецца сапраўднай зброяй міру, а яе місія — гістарычнай і прароцкай. Бо яна робіць каштоўнымі і выкарыстоўвае найглыбейшыя добрыя якасьці чалавечай асобы, здольныя зьмяніць сьвет і зрабіць яго лепшым. Яна дазваляе падтрымліваць надзею на справядлівую і мірную будучыню, таксама перад абліччам вялікіх несправялівасьцяў і матэрыяльнай і маральнай беднасьці. Каб усе людзі і грамадзтвы на кожным узроўні і ў кожным куточку зямлі маглі ў хуткім часе мець рэлігійную свабоду, якая зьяўляецца шляхам да міру!

Ватыкан, 8 сьнежня 2010 г.

Паводле Catholic.by і Episkopat.pl
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 207 разоў (-ы)