Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

02.01.2011

Будаваць мір метадам дыялогу

Сапраўдны дыялог грунтуецца на шанаваньні годнасьці іншага чалавека, сьцьвярджае а. Пётр Рудкоўскі, OP, які ў сваім роздуме пра вядомы калядны сьпеў разважае пра тое, як распазнаваць сапраўдны мір і адрозьніваць яго ад рознага роду пародыяў міру.

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі...» Гэтая песьня ўпершыню прагучала ў прысутнасьці бэтлеемскіх пастушкоў у выкананьні гурта нябесных анёлаў. Галоўным яе матывам была «хвала Богу» і «супакой (мір) людзям».

Давайце на хвілінку задумаемся над гэтым матывам. Дзеля гэтага нам трэба пераступіць часавыя межы і апынуцца ў Рымскай імперыі часоў імператара Аўгуста. У апошнія гады старой эры гэты імператар здолеў дамагчыся велізарных посьпехаў. У 15 г. да н.э. два вялікія сябры Аўгуста Друзус і Тыберый захапілі досыць вялікія абшары паміж Дунаем і Альпамі. У 13 г. вайсковая эксьпедыцыя пад кіраўніцтвам Агрыпы, зяця Аўгуста, прымусіла падпарадкавацца жыхароў Паноніі і Дальматыі. Пачынаючы ад 12 г. Друзус здолеў эфектыўна спацыфікаваць германскія плямёны, замацоўваючы панаваньне Рыму ўздоўж Рэну. Прыкладна ад 8 г. да н. э. пачынаецца перыяд кароткачасовага міру...

І якраз у гэтым прамежку часу, тады, калі, як кажа паданьне і што пацьвярджае гістарычная навука, нідзе ў сьвеце не вяліся войны, нараджаецца ў бэтлеемскім хлеўчуку Ісус Хрыстос. Той, Які яшчэ задоўга да свайго нараджэньня быў названы «Князем супакою».

А цяпер цікава было б заняцца пытаньнем: пра які супакой-мір пяе гурт анёлаў? Ці пра той мір, які здолеў забясьпечыць на некалькі дзясяткаў гадоў імператар Аўгуст, ці пра мір, які прынёс Нованароджаны ў бэтлеемскім хлеўчуку?

Што ўяўляе сабой мір Аўгуста і мір Хрыста? Рымскі мір, славутая «pax romana» ў многім удзячны дзеездольнасьці і ваеннаму спрыту 25 легіёнаў Рымскай імперыі, якія ў выніку бліскучых перамог змаглі даказаць сваю перавагу над войскамі «варвараў». Але гэта яшчэ ня ўсё. Бліскучыя перамогі рымскіх легіёнаў вынесьлі на вяршыню славу Актавіяна Аўгуста. Ужо ў 9 г. да н. э. быў пабудаваны адмысловы алтар пад назвай «Алтар аўгустаўскага міру». У гонар тагачаснага валадара будаваліся сьвятыні і нават цэлыя гарады, а сам ён быў абвешчаны нашчадкам багоў. Імператар Аўгуст лічыўся новым Юпітэрам, Юпітэрам-Збаўцам, зоркай, якая ўзышла над сьветам...

А цяпер давайце вернемся да той песьні, якую сьпявае гурт анёлаў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой...» Пачуйма гэтыя словы: «Хвала БОГУ». Хвала, чэсьць і пашана належаць Богу!

Ці ўдалося нам улавіць глыбокі сэнс гэтай песьні? А сэнс тут такі: ня можа быць міру на зямлі, калі боская пашана аддаецца ня Богу, а каму-небудзь іншаму альбо чаму-небудзь іншаму. Ня будзе сапраўднага міру на зямлі, калі людзі будуць абагаўляць імператара.

Папа Бенядыкт XVI у сваім пасланьні на Сусьветны дзень міру 2011 г. больш за дзвье трэціх тэксту прысьвячае пытаньню рэлігійнай свабоды. Несумненна, стаіць за гэтым перакананьне, што мір на зямлі цесна зьвязаны з «хвалой Богу», гэта значыць скіроўванньем рэлігійных пачуцьцяў не да зямных валадароў або ідэалагічных прынцыпаў, а да самога Бога. Важна заўважыць таксама, што мір паміж людзьмі магчымы тады, калі пануе мір унутры душы паасобных людзей. А сітуацыя рэлігійнай несвабоды стварае сур’ёзнае выпрабаваньне і пагрозу для гэтага міру. Як трапна заўважыў Ян Павел ІІ, «страх нараджаецца тады, калі Бог памірае ў чалавечай сьвядомасьці» (Пасланьне на Сусьветны дзень міру 1985 г., пункт 5).

Існуе аўгустаўскі мір і мір Хрыстовы. З аднаго боку, мір, пабудаваны на гвалце, інтрыгах і маніпуляцыях, з другога — мір, у аснову якога пакладзена праўда, свабода і любоў. Нам нельга блытаць гэтыя два тыпы міру. Трэба мець адкрытыя вочы і чулае сэрца, каб распазнаваць сапраўдны мір і адрозьніваць яго ад рознага роду пародыяў міру.

Папярэднік Бенядыкта, Слуга Божы Ян Павел ІІ, быў вядомы як вялікі абаронца міру на зямлі. Адначасова ж ён зьвяртаў увагу на тое, што ня кожны мір зьяўляецца добрым мірам. У прыватнасьці, заклікаў веруючых хрысьціянаў не паддавацца «псеўда-міру таталітарных рэжымаў» і памятаць, што людзі «маюць права і абавязак абараняць пры дапамозе адпаведных сродкаў сваю свабоду супраць несправядлівай агрэсіі» (Пасланьне на Сусьветны дзень міру 1982 г., пункт 12).

«Хочаш служыць справе міру — шануй свабоду» — менавіта з такім пасылам зьвярнуўся да Царквы і сьвету Ян Павел ІІ у 1981 г. Прайшло роўна 30 гадоў з таго часу, а той пасыл застаецца надалей актуальным, роўна ж як актуальным зьяўляецца і сам зьмест таго пасланьня. «Ці ва ўлоньні народа мір мае рэальныя персьпектывы, калі на палітычным узроўні не гарантаваныя свабодны ўдзел у калектыўных рашэньнях і магчымасьць цешыцца асабістай свабодай? — рытарычна пытае Пантыфік і з націскам сьцьвярджае: Няма праўдзівай свабоды — фундамента міру — там, дзе ўся ўлада засяроджана ў руках аднаго сацыяльнага класу, адной расы або адной групы альбо калі супольнае дабро атаясамліваецца з інтарэсамі адной партыі, якая ідэнтыфікуецца з Дзяржавай. (...) Няма таксама сапраўднай свабоды там, дзе ўнутраная бясьпека становіцца адзінай і найвышэйшай нормай у адносінах паміж уладай і грамадзянамі, як быццам бы гэтая бясьпека зьяўляецца адзіным або асноўным спосабам захаваньня міру» (Пасланьне на Сусьветны дзень міру 1981 г., пункт 2).

Што ж, калі бясьпеку, усталяваную і ахоўваемую сілавымі метадамі, нельга лічыць асноўным спосабам захаваньня міру, то які спосаб мог бы лічыцца асноўным? Ян Павел ІІ і Бенядыкт XVI сьцьвярджаюць ва ўнісон: дыялог.

Тут будзе дарэчы яшчэ раз прыгадаць анёльскую песьню: «...а на зямлі супакой-мір людзям добрай волі». Вось жа дыялог — гэта актывізацыя сваёй добрай волі, спалучаная з прэзумпцыяй добрай волі ў іншага чалавека. Бяз гэтай актывізацыі і бяз гэтай прэзумпцыі мы ня зможам рэалізаваць мір, дараваны нам Ісусам Хрыстом.

Дыялог грунтуецца на шанаваньні годнасьці іншага чалавека. Гэты «іншы» можа быць маім ідэйным праціўнікам, можа быць палітычным апанентам, але я бачу ў ім асобу, я распазнаю ў ім вобраз і падабенства Божае і з гэтага зыходжу ў ідэйнай палеміцы або палітычнай канкурэнцыі. «Асноўнай перадумовай дыялогу — кажа Ян Павел ІІ — ёсьць шуканьне таго, што добрае, праўдзівае і справядлівае для кожнага чалавека, для кожнай групы і кожнай супольнасьці, як для той яе часткі, да якой я належу, так і для той, да якой належыць мой праціўнік» (Пасланьне на Сусьветны дзень міру 1983 г., пункт 6).

Будзьма, браты і сёстры, будаўнікамі міру! Але няхай гэта будзе мір Хрыстовы, ня аўгустаўскі. Будуйма мір на праўдзе, у свабодзе і метадам дыялогу. Няхай, дзякуючы нам, яшчэ гучней загучыць песьня: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» Няхай загучыць яна і адгукнецца рэхам надзеі ў сэрцах тых, хто сталі ахвярамі «псеўда-міру»! Супакой Госпада няхай заўсёды будзе з намі.
а. Пётр Рудкоўскі, ОР

Catholic.by
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 230 разоў (-ы)