Царква
Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца
(Псалтыр 54:23)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

10.01.2011

УГКЦ ня хоча прымаць ахвяраваньняў ад афіцыйных органаў, бо хоча мець свабоду казаць праўду тады, калі яе трэба казаць


«Мы маем такую пазіцыю, што ня хочам прымаць ахвяраваньняў ад афіцыйных органаў. Таму што гэта заўсёды цягне за сабой пэўную, так бы мовіць, “удзячнасьць”. Мы хочам быць Царквой свабоднай, каб ахвяраваньні не перашкодзілі нам сказаць праўду, калі яе трэба сказаць».

Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Патрыярх Любамір (Гузар) сказаў пра гэта ў традыцыйным Калядным інтэрв’ю ўкраінскаму «5 каналу», адказваючы на пытаньне тэлежурналіста, як ідзе будаўніцтва патрыяршага сабору Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Кіеве і як УГКЦ ставіцца да тых канфесіяў, якім шматмільённыя асігнаваньні на будаўнічыя патрэбы дастаюцца непасрэдна з дзяржбюджэту. Пра гэта паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.

«Калі пэўная дзяржаўная інстытуцыя або орган падтрымліваюць нейкую царкоўную ініцыятыву, што б гэта ні было - будаўніцтва, ці нешта іншае - гэта, звычайна, накладае пэўны абавязак. Можа, недзе прамаўчаць, можа, нешта не заўважыць, словам, зьвязвае свабоду Царквы. Гэта вельмі небясьпечная рэч. Царква, каб быць сабой, павінна быць настолькі свабоднай, каб, калі будзе патрэба, быць у стане і сваім вернікам, і ўсім астатнім сказаць, што і як», - адзначыў Першаярарх УГКЦ.

Адказваючы на пытаньне журналіста тэлеканала, ці зьблізіліся ўладу і народ за апошні год, Зьверхнік УГКЦ адзначыў, што ўлада і народ павінны знайсьці дарогу адзін да аднаго. «Гэтая адлегласьць паміж народам і ўладай абумоўлена тым, што ўлада не спрабуе служыць народу. Хоць шмат гаворыцца пра гэта. Але словы ёсьць словы, а ўчынкі ёсьць ўчынкі», - сказаў Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі. Тлумачачы суадносіны парадку і дэмакратыі, ярарх заўважыў: «Парадак павінен быць нармальнай часткай жыцьця дарослых людзей. Калі ёсьць парадак, тады значна лягчэй жыць, але дэмакратыя - гэта значна больш. Мы з вялікай цяжкасьцю вучымся, што значыць - паважаць чалавека», - адзначыў Зьверхнік УГКЦ.

У адказ на пытаньне « 5 каналу», ці ёсьць ва Ўкраіне ў тым парадку, які будуе цяперашняя ўлада, месца адзінай памеснай Царкве, Патрыярх Любамір адзначыў, што сёньняшняя ўкраінская ўлада адстойвае пазіцыю, што адзіная Царква, якая мае ўсе правы быць ва Ўкраіне - гэта Ўкраінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, і гэта вельмі відавочная рэч. Але, як падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ, яна ёсьць толькі адной з Цэркваў, і ўсе іншыя Цэрквы маюць права быць, бо гэтае права забясьпечвае Канстытуцыя. Закрануўшы той аргумент, што УПЦ МП - гэта кананічная Царква, Першаярарх УГКЦ адзначыў, што і Ўкраінская Грэка-Каталіцкая Царква зьяўляецца аднолькава кананічнай, прызнанай ва ўсім сьвеце: “Як мінімум дзьве Царквы Кіеўскага паходжаньня ва Ўкраіне зьяўляюцца цалкам кананічнымі - УПЦ МП і УГКЦ. Але гэта яшчэ ня тое, што робіць Царкву Царквой. Царква ёсьць нешта большае, чым сама кананічнасьць. І гэта добра, калі гэта захавана. Мы ведаем нават Цэрквы, якія сёньня існуюць ва Ўкраіне і ў нашых суседніх краінах, дзе Царква доўгія гады не была нікім прызнаная, можна сказаць, - не была кананічная, аднак працавала для людзей, асьвячала іх. Гэта ня ёсьць канчатковая мера. Канчатковая мера - ці Царква ўпоўні выконвае свае заданьні, якія дае Гасподзь Бог”, - адзначыў Патрыярх Любамір.

«Я перакананы, што мы, усе чатыры галіны Кіеўскай Царквы - УПЦ, УПЦ КП, УАПЦ і УГКЦ, усе мы - спадкаемцы Ўладзіміравага Хрышчэньня, можам знайсьці ў сабе сілы, каб сапраўды аб’яднацца, вярнуцца да таго стану, з якога мы пачыналі”. На думку Зьверхніка УГКЦ, вяртаньне да першапачатковай еднасьці зьяўляецца цалкам магчымым: “Павінна быць адна Царква, бо яна такою была. Мы ўсе аднолькава прамаўляючы «Сымбаль веры», ці ў літургічных, ці ў прыватных малітвах, кажам: “Веру ў адзіную сьвятую Паўсюдную і Апостальскую Царкву», - сказаў Першаярарх УГКЦ Патрыярх Любамір (Гузар) у сьвяточным інтэрв’ю на «5 канале».

Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 251 разоў (-ы)