Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

15.01.2011

Бенядыкт XVI: З экуменізмам сёньня цяжэй, але мы павінны весьці дыялог з верай і надзеяй

Гэтыя словы скіраваў Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI да ўдзельнікаў міжканфесійнай пілігрымкі з Фінляндыі, якая днямі прыбыла ў Рым.

Мэта экуменічнага руху, якой ёсьць поўнае адзінства ў веры, яшчэ не дасягнута. Дыялог, аднак, ужо прынёс шмат элементаў узгодненасьці і зьбліжэньня. На гэта зьвярнуў увагу Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI падчас сустрэчы з фінскай экуменічнай дэлегацыяй, якая штогод ладзіць пілігрымку ў Рым, да магілы сьвятога Генрыха, якая знаходзіцца ў адзінай рымскай гатычнай базыліцы Сьвятой Марыі над Мінэрвай (Basilica Sanctae Mariae supra Minervam). Гэты каталіцкі біскуп шведзкага горада Упсала працаваў у XII стагоддзі на місіі ў сучаснай Фінляндыі, дзе прыняў мучаніцкую сьмерць. Сёньня сьв. Генрых уважаецца за апекуна Фінляндыі, памяць яго адзначаюць 19 студзеня, прычым ня толькі католікі ў краінах Паўночнай Еўропы, але і пратэстанты.

Прыгадваючы сумеснае паглыбленьне каталікамі і лютэранамі тэматыкі апраўданьня, Бенядыкт XVI выказаў спадзяваньне на далейшае разьвіцьцё дыялогу і адзначыў, што ён заўсёды зьяўляецца плёнам Божага дзеяньня, і таму патрабуе нашай нястомнай малітвы.

“У той жа час мы ўсе ведаем, што экуменічны шлях у апошнія гады ў многіх адносінах стаў больш складаным і патрабавальным, - сказаў Сьвяты Айцец. - Ставяцца пад пытаньне экуменічныя падыходы і дасягненьні апошніх гадоў, таксама выказваецца няпэўнасьць што да яго будучыні. У сьвятле гэтага, вашае штогадовае паломніцтва ў Рым на ўрачыстасьць сьвятога Генрыха застаецца важнай падзеяй, знакам і стымулам для нашых экуменічных намаганьняў. Упэўнены, што мы павінны быць разам на гэтым шляху, і што Хрыстос ёсьць Шлях для чалавецтва. Гэта дапамагае нам з радасьцю глядзець назад на тое, што было дасягнута, ды з вераю ў будучыню рупіцца пра адказны, поўны веры удзел. У сувязі з вашым візітам ўсе мы хочам умацаваць сваю ўпэўненасьць, што Дух Сьвяты, які абудзіў экуменічны рух, падтрымлівае і аж да гэтага часу робіць яго плённым, і будзе таксама весьці яго і далей. Маю вялікае спадзяваньне, што ваш візіт у Рым ўмацуе далейшае супрацоўніцтва паміж лютэранамі і каталікамі, а таксама паміж усімі хрысьціянамі ў Фінляндыі”.

Бенядыкт XVI таксама ўзгадаў пра Тыдзень малітваў за еднасьць хрысціянаў, якi пачынаецца 18 студзеня. Ён заклікаў маліцца, каб Дух Праўды вёў вызнаўцаў Хрыста да яшчэ большай любові і братэрства.

Паводле Radiovaticana.org/pol
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 200 разоў (-ы)