Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

19.01.2011

Няпростая каштоўнасьць — адзінства  

Хрысьціянскае яднанне — гэта супольнасць, дзе ўсе слухаюць перадусім Бога. Багацце магчымасьей яднання ў Пану — адзінай найвышэйшай мэце — адкрывае для хрысціянскай супольнасці вялікія далягляды адзінства ў разнароднасці.

Штогадовы Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў паказвае наколькі важнай, але нялёгкай у рэалізацыі каштоўнасцю з’яўляецца адзінства паміж людзьмі і супольнасцямі. Нездарма ў сваёй архісвятарскай малітве на Апошняй Вячэры з апосталамі Пан Езус так шмат гаварыў і маліўся «каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21).

Складанасць працэсу яднання паміж хрысціянамі патрабуе вялікай асцярожнасці, каб захаваць вернасць евангельскай праўдзе. Асаблівую ўвагу на гэта звярнуў папа Бэнэдыкт XVI у адной са сваіх прамоваў да каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў: «Поўная еднасць — гэта еднасць у праўдзе і любові…, нават калі гэта не адпавядае нашым абмежаваным чалавечым планам».

Разважанні над прычынамі падзелаў паміж хрысціянамі наводзяць на думку, што часта яны маюць не столькі рэлігійны, колькі сацыяльна-псіхалагічны характар. Не сакрэт, што грамадскія паводзіны вернікаў моцна ўплываюць на іх адносіны да рэлігійнай супольнасці. Таму ў пошуку адзінства паміж хрысціянамі варта задумацца, як яны разумеюць і перажываюць каштоўнасць грамадскага адзінства ўвогуле.

На жаль, гісторыя чалавецтва ведае шмат негатыўных прыкладаў таго, як і на чым нельга асноўваць адзінства паміж людзьмі. Можна заўважыць, што большасць праблем з адзінствам пачынаецца з няправільнага адказу на пытанне аб мэце яднання. Калі мэтай становіцца еднасць дзеля еднасці, то адкрываецца прастора для таталітарнага грамадства. Бо ў імя адзінства супольнасці можна знішчыць кожную, нават найдрабнейшую форму адрознення. Віртуальна такое грамадства яскрава малявалі шматлікія творцы ўтопій і антыўтопій. Рэальна з падобным грамадствам сустрэўся кожны, хто перажыў жахлівасці фашызму і камунізму.

Калі адзінства вызначаецца як найвышэйшая мэта, тады чалавек ператвараецца ў інструмент або перашкоду на шляху яе рэалізацыі. Гэта адкрывае поле для розных форм прыніжэння або знішчэння асобы дзеля нейкай узнёслай мэты.

Але, здаецца, яшчэ большая небяспека крыецца ў пазіцыі: «няхай нехта займаецца мэтамі, мая хата з краю». Асоба з такім мысленнем выракаецца адказнасці за свой лёс, інфантыльна давяраючы яе іншаму чалавеку. Дадзеная схема магла б дзейнічаць, калі б улада была маральнай, калі б адказныя асобы былі роўныя Богу. Аднак гэта фактычна немагчыма.

Можна заўважыць, што імкненне да адзінства, пабудаванага на дабравольным або насільным падпарадкаванні чалавеку, заўсёды кароткачасовае і штучнае. Гэтае падпарадкаванне нават дзеля найбольш гуманных мэтаў не ўлічвае чалавечую сапсаванасць грахом. Менавіта грэшнасць чалавека з’яўляецца крыніцай таго, што адны імкнуцца узурпаваць сабе амаль боскую ўладу, другія інфантыльна спяшаць падпарадкавацца, а трэціх — нязгодных — першыя дзве групы змушаюць да падпарадкавання большасці. У гэтым класічным падзеле можна заўважыць крыніцы многіх грамадскіх хваробаў. Здаецца, не трэба шмат расказваць, што значыць жыць у супольнасці, якой кіруе асоба, прагнучая сама вырашаць лёсы групы. Не трэба тлумачыць, наколькі нездаровая супольнасць, члены якой уцякаюць ад адказнасці, імкнуцца перакінуць яе на іншых, а пасля апраўдваюцца, што яны нічога не вырашаюць. Не патрабуе тлумачэнняў стан адказнага чалавека ў безадказнай групе, для якой ён пагроза і перашкода. Гэта яшчэ раз пацвярджае тупіковасць кожнага шляху, дзе чалавек імкнецца паставіць сваю волю вышэй за Божую.

Таму не інакш як у евангельскім рэалізме крыецца вялікая асцярожнасць хрысціянскіх супольнасцей у пошуку сапраўднага адзінства. Шматлікія негатыўныя прыклады свецкіх грамадстваў з’ яўляюцца больш чым яскравым прыкладам таго, як нельга яднацца.

Хрысціянскае яднанне — гэта супольнасць, дзе ўсе слухаюць перадусім Бога. Багацце магчымасцей яднання ў Пану — адзінай найвышэйшай мэце — адкрывае для хрысціянскай супольнасці вялікія далягляды адзінства ў разнароднасці. У такой супольнасці падпарадкаванне вынікае не з жадання ўлады ці страху перад ёй, але з любові да чалавека ў сабе і бліжнім. А ўзаемаадказная здольнасць да яднання ў любові з Богам становіцца найвярнейшым шляхам да сапраўднай еднасці кожнай супольнасці, а тым больш — хрысціянскай. Таму экуменічны рух — гэта спакойны, асцярожны, але ўпэўнены рух да паяднання. Яго вартасць не павінна засланіць для хрысціянаў найвышэйшай каштоўнасці і мэты — адзінства «ў праўдзе і любові» з Богам.


Кс. Андрэй Рылка
http://catholic.by

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 267 разоў (-ы)