Царква
Бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 23:12)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

20.01.2011

Бенядыкт ХVI заклікае да пераадоленьня бар’ераў паміж хрысьціянамі

19 студзеня 2011 г., у зале Паўла VI у Ватыкане адбылася агульная аўдыенцыя Сьвятога Айца падчас якой Бенядыкт XVI заклікаў вернікаў «штодзённа ўзрастаць ва ўзаемнай любові, прымаючы ўдзел у пераадоленьні тых перашкодаў, якія ўсё яшчэ застаюцца паміж хрысьціянамі».

Сваю галоўную катэхезу Папа прысьвяціў Тыдню малітваў за еднасьць хрысьціянаў. Тэмай Тыдня зьяўляюцца словы з Дзеяў Апосталаў: «Увесь час яны заставаліся ў навуцы апосталаў, у брацкай супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах» (пар. Дз 2, 42).

«Мы адзначаем Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьцінаў, падчас якога ўсе, хто верыць у Хрыста, пакліканы зьяднацца ў малітве, каб сьведчыць аб моцных сувязях, што існуюць паміж імі, і выпрошваць дар поўнай еднасьці, - сказаў Сьвяты Айцец. — Шлях да бачнай еднасьці паміж усімі хрысьціянамі знаходзіцца ў малітве, таму што фундамент еднасьці “будуем” ня мы, а Бог».

Сьвяты Айцец зьвярнуў увагу на неабходнасьць адчуваць існаваньне сапраўднай унутранай еднасьці сярод усіх тых, хто ідзе за Госпадам, а таксама на неабходнасьць супрацоўніцтва, наколькі гэта магчыма, у вырашэньні жыцьцёвых пытаньняў.

Зыходным пунктам, як адзначыў Папа, павінна стаць усведамленьне таго, што «на гэтым шляху Госпад будзе падтрымліваць нас, дапамагаць нам, таму што без Яго мы нічога ня можам зрабіць». Як адзначыў Сьвяты Айцец, падобна «вучням Хрыста мы нясём супольную адказнасьць перад сьветам і павінны выконваць агульнае служэньне: так, як першая хрысьціянская супольнасьць у Ерусаліме. Зыходзячы з таго, што ў нас агульнае, мы павінны даваць моцнае сьведчаньне, заснаванае на духоўных падмурках і якое падтрымліваецца праз розум, пра Адзінага Бога, Які аб’явіўся і прамаўляе да нас у Хрысьце». Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што ўсё гэта патрэбна дзеля таго, каб несьці пасланьне, якое накіроўвала б і асьвятляла чалавека нашых часоў, які часта пазбаўлены выразных каштоўнасьцяў і арыенціраў. Таму, адзначыў ён, неабходна прасіць Бога пра «дар еднасьці, каб ва ўсім сьвеце ажыцьцявіўся Яго план збаўленьня і прымірэньня».

Спасылаючыся на дэвіз сёлетняга Тыдня малітваў за еднасьць «Увесь час яны заставаліся ў навуцы апосталаў, у брацкай супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах», Сьвяты Айцец заўважыў, што гэтыя словы прыводзяць на ўспамін першую раньнехрысьціянскую супольнасьць у Ерусаліме, бо ўжо падчас Пяцідзясятніцы Дух Сьвяты сышоў на людзей розных моваў і культур. Гэта азначае, што Царква ад свайго пачатку яднала людзей рознага паходжаньня і зважаючы менавіта на гэтыя адрозьненьніў Дух Сьвяты стварыў адно цела. «Пяцідзясятніца “як пачатак Царквы” азначае такім чынам пашырэньне запавету Бога на ўсе стварэньні, народы і ўсе часы», — дадаў Бенядыкт XVI.

Іншым элементам еднасьці зьяўляецца братэрства. У першахрысьціянскія часы, як і ў нашыя часы, яна праяўляецца найбольш заўважна. У Дзеях Апосталаў мы чытаем, што першыя хрысьціяне мелі ўсё супольнае. Гісторыя экуменічнага руху адзначана цяжкасьцямі і няпэўнасьцю. Але гэта таксама гісторыя братэрства, супрацоўніцтва ды абмену чалавечымі і духоўнымі каштоўнасьцямі, якія вельмі зьмянілі адносіны паміж хрысьціянамі. Таму, адзначыў Сьвяты Айцец, усе мы павінны актыўна працаваць на гэтым шляху. Самым важным элементам гэтых зносінаў зьяўляецца еднасьць з Богам праз веру. Еднасьць з Богам стварае еднасьць паміж намі. Ніхто ў хрысьціянскай супольнасьці не павінен быць галодным, бедным. Еднасьць з Богам ажыцьцяўляецца ў братэрскай салідарнасьці і выяўляецца на практыцы ў сацыяльнай дзейнасьці, у хрысьціянскай любові і справядлівасьці.

Рымскі Архірэй падкрэсьліў, што еднасьць у ахвяры Хрыста зьяўляецца кульмінацыяй нашага паяднаньня з Богам і паказвае такім чынам поўню еднасьці сярод вучняў Хрыста. «На працягу гэтага Тыдня асаблівай горыччу ёсьць тое, што мы, хрысьціяне, ня можам разам прыступіць да еўхарыстычнага стала. Гэта знак таго, што мы ўсё яшчэ далёкія ад ажыцьцяўленьня еднасьці, за якую маліўся Хрыстос, - сказаў Бенядыкт XVI. - Гэты балючы досьвед, які надае пакутны характар нашай малітве, мусіць стаць матывам да яшчэ большай зацікаўленасьці з боку ўсіх у пераадольваньні перашкодаў на шляху да поўнай еднасьці, каб надыйшоў той дзень, калі мы зможам разам сесьці пры стале Госпада, разам ламаць Еўхарыстычны хлеб і піць з адной чашы».

“Важна, каб мы кожны дзень узрасталі ва ўзаемнай любові, актыўна пераадольваючы бар’еры, якія яшчэ існуюць паміж намі - заклікаў Сьвяты Айцец, - важна даць адчуць, што існуе сапраўднае ўнутранае адзінства сярод тых, хто крочыць за Госпадам, супрацоўнічаючы як мага больш, працуючы разам у справах яшчэ адкрытых і перш за ўсё ўсьведамляючы, што на гэтым шляху Госпад будзе нас падтрымліваць, будзе нам дапамагаць, таму што без Яго мы нічога ня можам зрабіць”.

На заканчэньне аўдыенцыі Папа ўдзяліў усім прысутным сваё апостальскае блаславеньне.

Паводле http://Radiovaticana.org/bie
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 206 разоў (-ы)