Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

27.01.2011

Еднасьць ня можа быць зьведзена да прызнаньня адрозьненьняў і мірнага суіснаваньня


Урачыстай экуменічнай вячяэрняй ў рымскай базыліцы сьв. Паўла за мурамі, якую ўзначальваў Сьвяты Айцец Бенядыкт ХVI, 25 студзеня 2011 году, у сьвята навяртаньня сьв. апостала Паўла, закончыўся Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў. Разам з Рымскім Архірэем у гэтым набажэнстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў, у тым ліку сябры Камісіі па справах багаслоўскага дыялогу паміж Каталіцкай і Старажытнымі Ўсходнімі Цэрквамі, а таксама дэлегацыя нямецкіх лютэранаў.

 

 

Шлях да еднасьці павінен успрымацца хрысьціянамі як маральны наказ, як іх шчыры адказ на заклік Госпада — такая асноўная думка казані Папы Бенядыкта XVI на ўрачыстай вячэрні сьвята Навяртаньня сьв. апостала Паўла.
 
“Насьледуючы Ісуса, які напярэдадні сваіх мукаў маліўся да Айца за сваіх вучняў: “Каб усе былі адно” (пар. Ян 17, 21), хрысьціяне працягваюць пастаянна прасіць Бога аб дары еднасьці”, — сказаў Папа. Ён адзначыў, што сёлетнія тэксты малітоўных разважаньняў былі падрыхтаваныя хрысьціянамі Ерусаліма, якія “запрашаюць нас аднавіць і ўмацаваць нашыя намаганьні ў аднаўленьні поўнай еднасьці сярод хрысьціянаў”.
 
Рымскі Архірэй зьвярнуў увагу на мадэль першай хрысьціянскай супольнасьці ў Ерусаліме: “Гэтая супольнасьць не замкнёная ў сабе, але ад самага нараджэньня паўсюдная, універсальная, здольная агарнуць людзей розных культураў і моваў, як сьведчыць сама кніга Дзеяў Апосталаў. Гэтая супольнасьць заснавана не на дамоўленасьці яе чальцоў ці на простай згодзе ў стаўленьні да нейкага праекту ці ідэалу, але на глыбокай еднасьці з Богам, Які адкрыўся ў Ягоным Сыне, на сустрэчы з памерлым і ўваскрослым Хрыстом”. Першая супольнасьць, сказаў далей Папа, усхваляла ахвяру Хрыста на крыжы, Яго тайну сьмерці і ўваскрасеньня, праз Еўхарыстыю. Ёй была ўласьціва прысутнасьць і дзеяньне Духа Сьвятога, што і зьяўляецца галоўнай праяваю еднасьці бачнага Цела Царквы.
 
Узгадваючы сьвята навяртаньня Апостала Народаў, якое адзначаецца ў гэты дзень, Папа таксама нагадаў, што гэты перасьледнік ерусалімскіх хрысьціянаў пасьля свайго навяртаньня заўсёды падтрымліваў сувязь з гэтай супольнасьцю і дапамагаў ім, бачачы ў гэтым знак і гарантыю еднасьці Цэркваў.
 
Папа адзначыў прагрэс, зроблены ў апошні час на шляху да еднасьці: “Мы павінны быць удзячнымі за тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі экуменічны рух зрабіў значныя крокі наперад, разьвіваючы паміж Цэрквамі і хрысьціянскімі супольнасьцямі адносіны ўзаемнай павагі і практычнае супрацоўніцтва ў вырашэньні праблемаў сучаснага сьвету”. Але пры гэтым Сьвяты Айцец заўважыў: “Мы яшчэ далёкія ад еднасьці, за якую маліўся Хрыстос і якая адлюстроўваецца ў апісаньні першай ерусалімскай супольнасьці. Еднасьць, да якой Хрыстос заклікае Царкву праз Свайго Духа, рэалізуецца ня толькі на ўзроўні арганізацыйных структураў. Яна выяўляецца нашмат глыбей як еднасьць “вызнаньні адзінай веры, у сумесным зьдзяйсьненьні божага культу і ў братэрскай згодзе сям’і Божай” (Unitatis redintegratio, 2).
 
“Імкненьне да аднаўленьня еднасьці сярод падзеленых хрысьціянаў ня можа абмяжоўвацца ўзаемным прызнаньнем адрозьненьняў і мірным суіснаваньнем, - адзначыў Сьвяты Айцец. — Мы прагнем такой еднасьці, за якую маліўся сам Хрыстос і якая па сваёй прыродзе прысутнічае ў еднасьці веры, сакрамэнтах і служэньні. Шлях да такой еднасьці павінен успрымацца як маральны наказ, як выразны адказ на Божы заклік”.
 
Папа заклікаў пераадольваць абыякавасьць, песімізм і недавер да моцы Сьвятога Духа, якія нярэдка спакушаюць хрысьціянаў на экуменічным шляху. Еднасьць – гэта абавязак хрысьціянаў, і для яе дасягненьня неабходна ў адкрытасьці і дыялогу больш глыбока пазнаваць адзіную багаслоўскую, літургічную і духоўную спадчыну. Выхаваньне новых пакаленьняў таксама патрэбна ажыцьцяўляць у экуменічным духу. Але найперш для дасягненьня поўнай еднасьці вучняў Хрыстовых патрабуецца навяртаньне сэрца і малітва.


Паводле Radiovaticana.org

 

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 184 разоў (-ы)