Царква
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:1-3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

11.02.2011

Царква ў Польшчы страціла вялікага чалавека


Выдатны біскуп, навуковец, філосаф, вялікі чалавек Царквы, чалавек вялікага сэрца і вялікага розуму - так узгадваюць раптоўна памёрлага 10 лютага 2011 году ў Рыме архібіскупа Юзафа Жыціньскага ярархі і іншыя вядомыя людзі Царквы.

Рыма-каталіцкі мітрапаліт Люблінскі раптоўна памёр Рыме ва ўзросьце 62 гадоў. Архібіскуп прыехаў у Рым некалькі дзён перад гэтым, каб прыняць удзел у пленарным пасяджэньні Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, сябрам якой ён зьяўляўся. Як паведамляе прэс-служба сайту Польскай біскупскай канферэнцыі, верагоднай прычынай сьмерці стала кровазьліцьцё ў мозг (інсульт).

Архібіскуп Юзаф Жыціньскі займаў таксама пасаду Вялікага канцлера Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне. Яшчэ ён быў адным з самых актыўных сябраў Папскай Рады па справах культуры.

“Царква ў Польшчы страціла чалавека, які, як сьвятар і біскуп вызначаўся вялікім духам і інтэлектам”, - сказаў Прымас Польшчы архібіскуп Юзаф Кавальчык пра памерлага архібіскупа Юзафа Жыціньскага.

Архібіскуп Зыгмунт Зімоўскі, Старшыня Папскай Рады па справах душпастырства службы аховы здароўя, адзначае, што мітрапаліт Жыціньскі быў чалавекам моцнай і шчырай веры, вялікага розуму і сэрца. Будучы вялікім інтэлектуалам, ён быў здольны схіліцца да простага чалавека і спаўняў сваё служэньне з вялікай адданасьцю для бедных і пакінутых. "Я б назваў яго біскупам новай евангелізацыі, - сказаў архібіскуп Зімоўскі. - Сваім служэньнем ён уласна гэта рабіў. Клапаціўся таксама пра выхаваньне семінарыстаў, пра іх інтэлектуальную і духовую падрыхтоўку".


“Габрэйская супольнасьць страціла вялікага сябра і чалавека дыялогу”, - напісалі ў сваім камунікаце пра памерлага архібіскупа Юзафа Жыціньскага прадстаўнікі габрэйскай рэлігійнай грамады ў Варшаве.

Галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шодрых (Schodrich) сказаў: "Гэта быў вельмі ўнікальны чалавек. Мудры, з надзвычайным інтэлектам, адкрыты на слуханьне іншых. Быў надзвычай актыўны і заангажаваны ў вялікія праекты. Са здольнасьцю прыцягваць людзей. Ён разумеў і жыў так, як навучаў Ян Павел II".

Архібіскуп Жыціньскі заўжды імкнуўся быць верным свайму біскупскаму дэвізу "In Spiritu et Veritate” (У Духу і Праўдзе). Вельмі паважаў сьвятароў у духу хрысьціянскага персаналізму, якому ён навучыўся ад Яна Паўла II. Уносіў шмат добрага ў міжчалавечыя стасункі, зрабіў каштоўны ўклад у разьвіцьцё дыялогу паміж верай і культурай, актыўна ўдзельнічаў у навуковым жыцьці, пакінуў шматлікія каштоўныя навуковыя публікацыі. Архібіскуп Жыціньскі - аўтар 50 кніг, соцень артыкулаў, прысьвечаных філасофіі і дыялогу хрысьціянства з сучаным мысьленьнем, якія апублікаваны ў розных мовах. Ён сапраўды быў чалавекам надзвычай высокага інтэлекту і культуры. Быў біскупам новай евангелізацыі.

Мітрапаліт Люблінскі Юзаф Жыціньскі будзе пахаваны ў крыпце рыма-каталіцкай катэдры ў Любліне ў суботу, 19 лютага.

Паводле Deon.pl

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 223 разоў (-ы)