Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.02.2011

Чаму Беларусь уваходзіць у Топ-11 самых нерэлігійных дзяржаваў?


У царкву стала ходзіць невялікая колькасьць людзей, а наведваньне храмаў па вялікіх сьвятах ня сьведчыць пра рэлігійнасьць беларусаў. Хутчэй, гэта сьведчыць пра наш кансерватызм, а можа нават пра забабоннасьць… Пра тое, ці рэлігійная мы нацыя, у размове з Еўрарадыё разважае філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Наста Манцэвіч, Еўрарадыё 

- На Раство колькасьць наведвальнікаў храмаў у Беларусі ўзрастае… Пра што гэта сьведчыць? Мы сапраўды рэлігійная нацыя?
 
- Наведваньне храмаў па вялікіх сьвятах ня можа сьведчыць пра рэлігійнасьць. Хутчэй, гэта сьведчыць пра кансерватызм, можа нават пра забабоннасьць. Да таго ж, шмат якія сьвяты зьяўляюцца каляндарнымі і вельмі шчыльна прывязаныя да ладу жыцьця. Кожны сезон мае свае адметныя сьвяты. Нават калі мяняюцца ідэалогіі і рэлігіі, то кожная наступная рэлігія прыстасоўвае каляндарныя сьвяты для сваіх патрэбаў.
 
Новы год, Раство, Каляды – гэта ўсё розныя пласты традыцый. Каляды – гэта паганская традыцыя, якая цягнецца з даўніх дахрысьціянскіх часоў, Раство прыйшло на зьмену Калядам, а потым ужо ў савецкі час увялі шырокае сьвяткаваньне Новага году, і гэта ўсё прыпадае прыкладна на адзін час.
 
Таму, калі на Вялікдзень ці Раство людзі ходзяць у царкву, гэта ня кажа пра іх рэлігійнасьць. Да таго ж, у хрысьціянстве ёсьць яшчэ такая назва – “нядзельнае” або “сьвяточнае” хрысьціянства. Гэта калі людзі ўвесь час ніяк ня дбаюць ні пра Бога, ні пра душу, але час ад часу, калі ходзяць усе, то і яны наведваюць царкву.
 
- Калі наведваньне храмаў ня сьведчыць пра рэлігійнасьць, то ў чым наша рэлігійнасьць? Як можна ахарактарызаваць веру беларусаў?
 
- Няма падстаў казаць, што беларусы занадта рэлігійная нацыя. Хутчэй – амбівалентная, нацыя з традыцыйным ладам жыцьця.
 
Але ж ня трэба і адмаўляць наяўнасьць рэлігійнасьці. У 1990-я гады быў выбух рэлігійнасьці, людзі пацягнуліся ў царкву. Цэрквы ўсіх канфесіяў аднавіліся… Але з таго часу новай хвалі ўзнаўленьня рэлігійнасьці не было, яна нават троху зьменшылася. Я думаю, што ня больш за чвэрць ўсяго насельніцтва ўсіх канфесіях зьяўляецца носьбітамі рэлігійнай сьвядомасьці.
 
- Ня больш за чвэрць адносяць сябе да якой-небудзь канфесіі?
 
Не, проста адносіць сябе, бо гэта не падстава лічыць чалавека рэлігійным. Напрыклад, падлік праваслаўных вядзецца па самавызначэньні людзей. Скажам, мая сям’я шмат пакаленьняў была праваслаўная, таму я нібыта таксама праваслаўны. Так можа казаць чалавек, які ўвогуле ў царкве быў адзін раз у жыцьці, калі яго хрысьцілі.
 
У меншай ступені гэта тычыцца католікаў, і яшчэ ў меншай ступені – пратэстантаў, частка з якіх прымае хрышчэньне ў сьвядомым узросьце. Таму, статыстыка тут вельмі ўмоўная. І яе ўмоўнасьць тычыцца нявызначанасьці паняцьцяў – рэлігійнасьці, ідэнтычнасьці, уцаркаўлёнасьці… Гэта ўсё розныя рэчы.
 
У царкву стала ходзіць, жыве жыцьцём Царквы невялікая колькасьць людзей, час ад часу наведвае і адпраўляе сьвяты большая колькасьць людзей, а частка ўвогуле не зьвяртае на гэта ўвагі.
 
- Ёсьць такое меркаваньне, што беларусы ня вельмі веруючы, але цярпімы да кожнай веры народ? Ці сапраўды гэта так?
 
- Не, гэта не зусім так. Беларусы сапраўды з даўніх часоў прызвычаіліся жыць побач з яўрэямі, якія вызнаюць юдаізм, з католікамі… Яшчэ сто, сто пяцьдзясят гадоў таму большая частка была ўніятамі. Таму наяўнасьць у навакольлі розных канфесіяў – зьява для Беларусі традыцыйная. Але я б не сказаў, што цярпімасьці да гэтага было вельмі шмат.
 
Прадстаўнікі розных канфесіяў жылі шчыльнымі групамі, але ня вельмі імкнуліся ўступаць у кантакт. Гэта можна назіраць і па сёньняшні дзень.
 
Не магу сказаць, што цярпімасьць да іншых канфесіяў характэрная для прадстаўнікоў усіх канфесіяў. Хутчэй, гэта проста даводзіцца прымаць як зьяву жыцьця. Але ж кантакты паміж імі вельмі малыя. Шлюбы паміж вернікамі розных канфесіяў (ня проста тымі, хто паходзіць з тых ці іншых канфесійных суполак, а вернікамі) ня вельмі распаўсюджаныя. І насьцярожанасьць заўсёды ёсьць.
 
Ня трэба выключаць і таго, што ў розных канфесіях бываюць купкі фанатычных прыхільнікаў, якія вельмі нецярпліва ставяцца адзін да аднаго. Да сёньняшняга часу можна чуць розныя негатыўныя выказваньні адносна іншых канфесіяў.
 
- Наконт негатыўных выказваньняў… Ці разглядаюцца дагэтуль каталіцтва і пратэстантызм як праваднікі варожага ўплыву Захаду?
 
- Пра каталіцызм так сказаць немагчыма, таму што гэта для нас амаль традыцыйная зьява. Зразумела, як каталіцызм, так і праваслаўе прыйшлі сюды звонку, але ж можна лічыць іх нашымі адметнымі рэлігіямі. Тое самае можна б было сказаць і пра пратэстантызм, калі б людзі былі больш дасьведчанымі і адукаванымі – пашырэньне Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагоддзі было вельмі моцным.
 
З тых часоў пратэстанцкія асяродкі так і засталіся. Іншая справа, што потым яны спалучыліся… Напрыканцы ХІХ, на пачатку ХХ стагоддзя, а тым больш у савецкія часы розныя пратэстанцкія плыні перапляліся паміж сабой, і, хутчэй, запазычылі заходнія веравызнаньні (баптысты, напрыклад).
 
- Зразумела, што гістарычна гэта ня так… Але якое само стаўленьне людзей?
 
- Ад праваслаўных часта можна чуць, што пратэстанты – гэта сектанты. Можна чуць некаторыя варожыя выпады ў бок католікаў… У бок праваслаўных таксама ёсьць крытыка з боку іншых канфесіяў. Але няма моцнай абразы, таму што гэта дамінуючая рэлігія, і таму гэта нават небясьпечна.
 
Калі зьвярнуцца да статыстыкі, то за апошні час цікавасьць беларусаў да рэлігіі ўзрасла. Тым часам мы застаемся адной з самых нерэлігійных краін… У розных краінах жыхарам задавалася адно і тое ж пытаньне: “Ці важнае месца ў вашым жыцьці займае рэлігія?”. І Беларусь паводле гэтых апытаньняў трапіла ў Топ-11 самых нерэлігійных дзяржаў. Чаму так?
 
Лічбы заўсёды адносныя. Калі нават намеціўся рост рэлігійных каштоўнасьцяў, то гэта ня значыць, што мы адразу сталі рэлігійнымі. Рост жа можа пачынацца з вельмі нізкіх паказчыкаў.
 
Паводле маіх назіраньняў, з тых мясьцінаў, дзе мне давялося бываць і жыць – сапраўды, Беларусь значна менш рэлігійная краіна, чым Латвія або Арменія, Польшча, Літва ці Ўкраіна.
 
- Чаму так адбываецца?
 
- З аднаго боку, у нас саветызацыя пусьціла больш глыбокія карані. З другога боку, на працягу ўсяго тысячагоддзя існаваньня хрысьціянства ў нашай краіне, мы як былі адной з апошніх паганскіх тэрыторый, так з цягам часу і застаёмся найменш рэлігійнай тэрыторыяй. А паганства не выхоўвае высокай рэлігійнасьці – там пануе абраднасьць, рытуальнасьць. Гэта рытуальнасьць і стала найбольш адметнай прыкметай, характарыстыкай рэлігійнасьці ў Беларусі.
 
Калі гаворка ідзе пра абраднасьць, то гэта павярхоўная рэлігійнасьць, яна не закранае глыбіні сьвядомасьці чалавека. І таму калі пайшла секулярызацыя і савецкі атэізм, то яны найбольш і сказаліся на Беларусі.
 
Ёсьць гістарычныя падставы для таго, каб мы былі не такой рэлігійнай нацыяй. Больш за тое, вельмі адрозьніваюцца заходнія рэгіёны Беларусі і ўсходнія. Па ўсіх паказчыках найменш рэлігійная Магілёўская вобласьць. А найбольш рэлігійныя – Гарадзенская і Берасьцейская. Пры чым па самых розных канфесіях.
 
Так, беларусы даўжэй, чым астатнія краіны Еўропы захоўвалі паганскія традыцыйныя культы. Дагэтуль у нас захавалася шмат рытуалаў – тое самае калядаваньне…
 
Каляды, Купальле, тая самая Масьленка… Пласты паганства, пасьля новы пласт хрысьціянства, ну і дадалася яшчэ савецкая абраднасьць. Савецкая ўлада імкнулася ня проста зьнішчыць рэлігію, а замяніць яе ідэалогіяй. І калі стала зразумела, што марксізм як ідэалогія ня можа распаўсюдзіцца на ўсе сферы жыцьця, то шлюб, нараджэньне, шмат якія жыцьцёвыя рэчы савецкая ўлада напоўніла сваімі рытуаламі, запазычваючы тэхналогію ад хрысьціянства. І сёньня гэта ў такім міксе існуе – усё разам…
 
- Якія ў нас адносіны паміж рэлігіяй і ўладай?
 
- Дрэнныя. Улада імкнецца кіраваць працэсамі сацыяльнага жыцьця Цэркваў і нават выключна канфесійнымі рэчамі, вызначаючы, хто там больш традыцыйны, хто менш традыцыйны… Аддае прэферэнцыі адной рэлігіі, адной канфесіі і прыціскае іншыя.
 
Думаю, што яна нават ня робіць дабра той канфесіі, якую вылучае для сябе як галоўную. Як бы рэжым не імкнуўся зрабіць праваслаўе падмуркам сваёй ідэалогіі – пакуль што нічога з гэтага не атрымоўваецца. Таму што рэлігія ня можа быць сьвецкай, дзяржаўнай ідэалогіяй.
 
- А ў нас спрабуюць разглядаць рэлігію як крыніцу ідэалогіі?
 
- Спрабуюць. Трэба сказаць, што праваслаўе дае для гэтага падставы, захоўваючы ў сабе частку візантыйскіх прынцыпаў.
 
Натуральна, улада ня можа зьвярнуцца за гэтым да каталіцызму ці пратэстантызму. У католікаў зусім іншыя адносіны да дзяржавы – у іх ёсьць сусьветны цэнтр… У пратэстантаў таксама іншыя адносіны, яны жорстка кіруюцца прынцыпам аддзяленьня Царквы ад дзяржавы. Таму ніякай пратэстанцкай ідэалогіі для дзяржавы ня можа быць.
 
- Ці шмат сярод беларусаў атэістаў?
 
- Я думаю, што па ўсім сьвеце атэістаў вельмі мала. Большая частка людзей, якія называюць сябе атэістамі – гэта агностыкі, якія разумеюць, што яны ня ведаюць адказаў на пытанні… Так і жывуць ня маючы адказаў, бо не надаюць ім вялікага значэньня. Агностыкаў значна больш, а яшчэ больш людзей абыякавых, якія ўвогуле не імкнуцца вырашаць духоўныя праблемы. Ім хапае штодзённых матэрыяльных клопатаў.
 
Абыякавасьць і незацікаўленасьць у духоўных пытаньнях – гэта вельмі распаўсюджаная зьява. А атэізм – гэта амаль іншая рэлігія. Трэба быць вялікім прыхільнікам такой логікі, у якой Бога ўвогуле няма.

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 249 разоў (-ы)