Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

23.02.2011

Прэзентацыя Пасланьня Папы на Вялікі пост 2011 году

“Пахаваныя з Хрыстом у хрышчэньні, у Ім вы разам таксама і ўваскрэсьлі” - гэты ўрывак з пасланьня сьвятога апостала Паўла да Каласянаў (пар. Кал 2, 12), зьяўляецца тэмаю Пасланьня Папы Бенядыкта XVI на Вялікі пост 2011 году. Прэзентацыя гэтага пасланьня, якую ўзначаліў кардынал Роберт Сарах, Прэзідэнт Папскай Рады “Cor Unum”, адбылася 22 лютага 2011 году ў прэс-цэнтры Ватыкану.

./images/2011/161.jpgУ сваім пасланьні Сьвяты Айцец нагадвае, што Вялікі пост вядзе нас да сьвяткаваньня Пасхі - сьмерці і ўваскрасеньня Хрыста, удзельнікамі якіх зьяўляемся таксама і мы, атрымаўшы падчас хросту новае жыцьцё ў Хрысьце Госпадзе. Тое, што ў большасьці выпадкаў хрост атрымліваюць у дзяцінстве, паказвае нам, што гаворка ідзе пра Божы дар: ніхто ўласнымі сіламі не заслугоўвае на жыцьцё вечнае. Божая міласэрнасьць, якая адмяняе грэх і дазваляе перажываць ва ўласным жыцьці “тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе” (пар. Філ 2,5), даецца чалавеку бескарысьліва, выключна паводле Божай ласкі. Хрост не зьяўялецца абрадам толькі мінулага, ён павінен заўсёды абнаўляцца ў кожным з нас, падкрэсьлівае Папа, бо ёсьць сустрэчай з Хрыстом, якая фармуе ўсё існаваньне ахрышчанага, дае яму Божае жыцьцё, заклікае да шчырага навяртаньня. 

У сёлетнім Вялікапосным пасланьні Папа падкрэсьлівае, што “заглыбленьне ў Хрыстову сьмерць і ўваскрасеньне праз Сьвятую Тайну Хросту, штодзень заахвочвае нас да таго, каб вызваляць сваё сэрца ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай прывязанасьці да “зямнога”, якая спусташае нас і перашкаджае быць гатовымі і адкрытымі на Бога і бліжняга. Праз традыцыйныя практыкі посту - міласьціну і малітву, Вялікі пост вучыць нас усё больш радыкальнаму спосабу жыць Хрыстовай любоўю. Сьвяты Айцец нагадвае вернікам: “Пазбаўляючы сябе чагосьці — і ня толькі непатрэбнага — мы вучымся адварочваць позірк ад нашага “я”, каб адкрыць кагосьці побач з намі і распазнаць Бога ў асобах нашых шматлікіх братоў. Пост у большай ступені адкрывае хрысьціяніна на Бога і на патрэбы людзей і робіць так, што любоў да Бога становіцца таксама любоўю да бліжняга (пар. Мк 12, 31)”.
 
Сьвяты Айцец адзначае, што Вялікі пост - гэта час сузіраньня тайны Крыжа, час стаць падобным да Ісуса і прайсьці шляхам глыбокага навяртаньня. А гэтае навяртаньне азначае кіравацца ў сваім жыцьці Божай воляй, вызваляцца ад эгаізму, ад спакусы валоданьня і прагненьня грошай, пераадольваць інстынкт панаваць над іншымі ды адкрывацца на Хрыстову любоў.
 
Асобна згадваючы біблійныя чытаньні, прызначаныя на нядзелі Вялікага посту, Бенядыкт XVI паказвае, што гэтымі тэкстамі Сьвятога Пісаньня Царква вядзе нас да асабліва інтэнсіўнай сустрэчы з Госпадам, заклікаючы да новага паглыбленьня этапаў хрысьціянскага ўтайнаваньня. Што можа быць для нас найбольш карысным, чым даць Божаму слову весьці нас? “Разважаючы над ім і засвойваючы яго, каб жыць ім штодзённа, мы вучымся каштоўнай і незаменнай форме малітвы, бо ўважлівае слуханьне Бога, Які працягвае размаўляць у нашых сэрцах, корміць шлях веры, які мы распачалі ў дзень хросту”, - напісаў Папа.
 
Малітва дае нам магчымасьць здабыць новую канцэпцыю часу, адзначае Папа. Без персьпектывы вечнасьці і трансцэндэнтнасьці ён проста адмярае нашыя крокі ў бок гарызонту, які ня мае будучыні, падкрэсьлівае Бенядыкт XVI.
 
Вялікапосны перыяд зьяўляецца асабліва спрыяльным часам, каб прызнаць свае слабасьці, шчыра перагледзець сваё жыцьцё і прыняць аднаўляльную ласку сьвятой Тайны Пакаяньня, рашуча скіроўваючыся да Хрыста, падкрэсьліў Папа Бенядыкт XVI напрыканцы свайго пасланьня на Вялікі Пост 2011 году, які Цэрквы ўсходняй традыцыі сёлета пачынаюць у панядзелак 7 сакавіка, а Царква лацінскага абраду - у Попельную сераду, 9 сакавіка.

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 223 разоў (-ы)