Царква
Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 21:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Пачуць і адгукнуцца на сваё праўдзівае імя

9 траўня 2007 году ў Берасьці, у касьцёле ў гонар Маці Божай (на Кіеўцы), адбылася другая рэгіянальная сустрэча-зьезд жанчын – удзельніц руху “Маці ў малітве”. Тэма, якой была прысьвечана гэтая сустрэча,– “Малітва як дар і дзеяньне Бога”. Разважаньне для сваіх сясьцёр лацінскага абраду падрыхтавала жонка параха грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці спн. Вольга Граськова.

Гэты рух паўстаў у Англіі ў канцы XX стагоддзя і мае сваёй мэтай сумесную заступніцкую малітву маці за сваіх і чужых дзяцей. Жанчыны, якія зразумелі і прынялі ў сваё сэрца малітву хананэянкі “Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў, бо дачку маю цяжка мучыць дэман” (Мц 15, 22), рашуча й адважна ўсталі на шлях уласнага ачышчэньня дзеля выратаваньня сваіх дзяцей ва ўсім сьвеце.

Дзякуючы малітвам кс. Эдуарда Мігая, плябана рыма-каталіцкай парафіі ў Маларыце, яго пастырскай апецы і кіраўніцтву, рух “Маці ў малітве” разьвіваецца й набірае моц і на Берасьцейшчыне. Гэта была ўжо другая рэгіянальная сустрэча ўдзельніц руху. Каля 50 верніц з Маларыты, Бярозы, Жабінкі й двух рыма-каталіцкіх парафіяў Берасьця згуртавана й салідарна прадэманстравалі ў Дзень Перамогі сваю асабістую перамогу над эгаізмам і ўладай зямной мітусьні. Адклаўшы “ўсе жыцьцёвыя клопаты”, яны на працягу 7 гадзінаў з прагнасьцю і асалодай смакавалі магчымасьць яднаньня з Богам і Яго Словам, дзяліліся сваімі адкрыцьцямі і праблемамі, маліліся й проста размаўлялі адна з адной.

Сустрэча пачалася з прывітальнага слова да ўдзельніц кс. Эдуарда Мігая і песьні “Радасны, хвалебны дзень!” Затым са сьвежым і як заўсёды арыгінальным словам – мідрашом* пра стварэньне Богам жанчыны з сэрца першароднага Адама – выступіў а. Ігар (Кандрацьеў), грэка-каталіцкі сьвятар з парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. На сустрэчу ён прыйшоў разам з сваёй жонкай, якая затым зрабіла выклады на тэму “Малітва як дар і дзеяньне Бога”. Асноўнай тэмай гэтых выкладаў была думка пра тое, што галоўная роля і ініцыятыва ў малітве належыць не чалавеку, а Богу: чалавек толькі садзейнічае Яму, як той, што загарае пад сонцам, можа садзейнічаць свайму загару тым, што распранаецца і паварочваецца, падстаўляючы промням гэтага сонца розныя месцы свайго цела. Такім садзейнічаньнем чалавека ў Божай справе (малітве) зьяўляюцца яго пакора і паслухмянасьць волі Бога – якасьці, найболей уласьцівыя жаночай палове чалавецтва (гэта думка дадала ўдзельніцам нямала аптымізму!). Была выказана таксама цікавая думка пра імя, якое Адам надаў сваёй жонцы. У старажытных габрэяў кожнае імя заўсёды дакладна характарызавала канкрэтнага чалавека. Імя Ева па-габрэйску азначае крыніца жыцьця. Цікава, што гучаньне гэтага імя па-габрэйску сугучна з біблійным выразам “Вось я – слуга”. Вядома, што падобныя словы прамовіла Марыя з Назарэту, калі да яе зьявіўся анёл ад Бога: “Вось я – слуга Гасподняя” (Лк 1, 8). Вось жа, можа, толькі жанчына на імя Марыя з Назарэту, якая паверыла і даверылася Богу, урэшце пачула й адгукнулася на тое сваё праўдзівае імя-прызначэньне, якое ёй хацеў надаць Госпад? А Адам, які надаваў імя сваёй жонцы ўжо пасьля таго, як зграшыў і калі Бог ужо ня ўдзельнічаў у гэтым, ня здолеў дакладна адчуць і не зразумеў праўдзівую сутнасьць і прызначэньне жанчыны, якое задумаў для яе Бог... Можа, гэтая думка дазволіць сучасным Евам задумацца над сваім прызначэньнем, што сёньня яны мусяць быць ня толькі прадаўжальніцамі роду для сучасных Адамаў, але, найперш, як і Марыя з Назарэту,– слугамі Гасподнімі...

Пасьля нядоўгага экскурсу ў тэорыю асабістай і заступніцкай малітвы на аснове біблійных прыкладаў наступіў перапынак на гарбату з бутэрбродамі, салодкім “шармэлем” і далікатна-павучальнымі досьціпамі кс.Эдуарда. Затым жанчыны паглыбіліся ў практыку медытацыі са Сьвятым Пісаньнем і ў малітву ў групах, пасьля чаго падзяліліся з усімі сваімі разважаньнямі і адкрыцьцямі на агульнай заключнай канферэнцыі. Скончылася сустрэча літаніяй да Маці Божай і сьвятой Імшой. На працягу ўсяго дня ўдзельніцы мелі магчымасьць споведзі, якую прымалі кс.Тадэвуш Альшэўскі, плябан касьцёлу на Кіеўцы, кс. Уладзімір Буклярэвіч з Бярозы і кс. Эдуард Мігай.

Хай блаславіць Бог усякае шчырае імкненьне да чыстага Неба, парыў кожнага сэрца да Яго Самога!

* Мідраш – прыпавесьць, павучальны аповед на біблійную тэму, часта пра падзеі, якія не адлюстраваны ў кананічным тэксьце Сьвятога Пісаньня.
Вольга ГРАСЬКОВА г.Берасьце

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)