Царква
Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 29:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

7 траўня – сьвята
Жыровіцкай іконы Маці Божай
і дзень малітваў за БГКЦ

Абраз Маці Божай Жыровіцкай стаў адной з найбольшых хрысьціянскіх сьвятыняў беларускага народу, якую ўшаноўваюць як праваслаўныя, так і католікі візантыйскага і лацінскага абрадаў. У самыя цяжкія для нашай Айчыны часы, калі пасьля шматлікіх войнаў, што ня раз руйнавалі краіну і вынішчалі народ, паўсюль чарнелі папялішчы і пусткі, Маці Божая зноў і зноў зьяўлялася нашым продкам, каб прынесьці ў гэты сьвет надзею і дапамогу ды ўказаць на сапраўднае Сьвятло, якое дае веру ў адраджэньне. Менавіта Ёй, Маці Божай Жыровіцкай, дзякавалі нашыя продкі за цудоўную лёсавырашальную перамогу ў бітве пад Палонкай (Баранавіцкі р-н) у страшным 1660-ым, калі магутны вораг з Усходу захапіў амаль усю нашу краіну і шанцаў на выратаваньне, здавалася, ужо не было.

На знак удзячнасьці за атрыманыя шматлікія ласкі для нашага народу гэты цудатворны абраз Маці Божай быў каранаваны залатымі каронамі з каштоўнымі камянямі ў 1730 годзе ўніяцкім Кіеўскім мітрапалітам Апанасам Шаптыцкім. Унікальнасьць гэтай іконы Маці Божай яшчэ і ў тым, што, акрамя маленькага цудатворнага абразка на камяні з выявай Багародзіцы з Дзіцяткам Ісусам, што захоўваецца ў Жыровіцкім манастыры, існуе яшчэ дзьве вельмі знакамітыя і шанаваныя вернікамі копіі, якія таксама цудатворныя! Адна з гэтых цудатворных іконаў Маці Божай Жыровіцкай ужо некалькі стагоддзяў знаходзіцца ў Рыме, у грэка-каталіцкай царкве сьв. Сяргея і Вакха. Знаходзячыся ў Рыме – Сталіцы апосталаў, яна тым самым сымбалічна яднае нас, беларусаў, з Паўсюднай Царквой, з усімі хрысьціянамі сьвету. Іншая цудатворная копія іконы сёньня належыць нашым братам – католікам лацінскага абраду. Яна знаходзіцца ў Слоніме, у касьцёле сьв. Андрэя – апостала і апекуна хрысьціянскага Ўсходу.

Вось жа Маці Божая, што зьявілася нам у Жыровіцах, па-сапраўднаму глыбока яднае ўсіх у пашане да Яе і Яе Сына – Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. І ўжо не адно стагоддзе свае ласкі Яна шчодра раздае адданым вернікам – праваслаўным, уніятам, рыма-католікам – не зважаючы на ўсе нашыя канфесійныя падзелы.

І менавіта таму для нашага беларускага народу абраз Маці Божай Жыровіцкай – гэта сапраўдны сымбаль экуменізму і запрашэньне для брацкай любові ў Хрысьце.

“Даручаю ўсіх апецы Найсьвяцейшай Панны Марыі, якая ўшаноўваецца на вашай зямлі пад імем Маці Божай Жыровіцкай. Прашу Яе быць заступніцай вас. [...] Няхай на ўсіх і на кожнага прасьцягне Яна разам са сьвятымі Заступнікамі вашай зямлі, сваю матчыну апеку.”

Усіх, што прыбягаюць да цудатворнага вобразу Твайго, шукаючы дапамогі, Ты, Уладарка, не адкінь ад сябе, але ў суме суцеш і плач на радасьць перамяні: Табе адной нашы цяжкасьці вядомыя, на Цябе спадзяемся, Крыніца міласэрнасьці, Умацаваньне і Ахова душаў нашых. (Трапар у сьвята Жыровіцкай іконы Маці Божай)


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)