РАЗЬДЗЕЛЫ:
Лявіт
РАЗЬДЗЕЛ 19
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце,
бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш.
3. Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я
Гасподзь, Бог ваш.
4. Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог
ваш.
5. Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб
здабыць сабе ўпадабаньне:
6. у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што
засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні;
7. а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе
спажыўна;
8. хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню
Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго.
9. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго,
іастаткаў ад жніва твайго не падбірай,
10. і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку
не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш.
11. Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго.
12. Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я
Гасподзь.
13. Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна
заставацца ў цябе да раніцы.
14. Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся
ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь.
15. Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай
вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго.
16. Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё
блізкага твайго. Я Гасподзь.
17. Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра зь блізкім тваім,
інакш панясеш грэх за яго.
18. Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага
твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.
19. Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля
твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з
воўны і лёну, не апранайся.
20. Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але
яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але
ня сьмерцю, бо яна ня вольная;
21. хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру павіннасьці,
барана ў ахвяру павіннасьці сваёй;
22. і ачысьціць яго сьвятар бараном павіннасьці перад Госпадам ад грэху,
якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў.
23. Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык
плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя,
нельга есьці іх;
24. а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на
сьвяткаваньні Гасподнія;
25. а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго.
ЯГасподзь, Бог ваш.
26. Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце.
27. Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй.
28: Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе
знакаў. Я Гасподзь.
29. Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не
распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю.
30. Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь.
31. Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не
даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш.
32. Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога
твайго. Я Гасподзь.
33. Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго:
34. прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец
ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь,
Бог ваш.
35. Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні:
36. хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я
Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.
37. Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь.