РАЗЬДЗЕЛЫ:
Лявіт
РАЗЬДЗЕЛ 21
1. І сказаў Гасподзь Майсею: абвясьці сьвятарам, сынам Ааронавым, і скажы
ім: хай не апаганьваюць сябе дакрананьнем да памерлага з народу свайго,
2. толькі да блізкага сваяка свайго, да маці сваёй і да бацькі свайго, да
сына свайго і дачкі сваёй, да брата свайго
3. і да сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім і ня была замужам, можна
яму дакранацца, не апаганьваючы сябе;
4. і дакрананьнем да каго б там ні было ў народзе сваім не павінен ён
апаганьваць сябе, каб не зрабіцца нячыстым.
5. Яны не павінны галіць галавы сваёй і падстрыгаць краёў барады сваёй і
рабіць нарэзы на целе сваім.
6. Яны павінны быць сьвятыя Богу свайму і не павінны зьневажаць імя Бога
свайго; бо яны прыносяць ахвяры Госпаду, хлеб Богу свайму, і таму павінны быць
сьвятыя.
7. Яны не павінны браць сабе за жонку распусьніцу і зьняслаўленую, не
павінны браць і жонку, адкінутую мужам сваім, бо яны сьвятыя Богу свайму.
8. Сьвяці яго, бо ён прыносіць хлеб Богу твайму: хай будзе ён у цябе
сьвяты, бо сьвяты Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
9. Калі дачка сьвятара апаганіць сябе блудадзействам, дык яна бэсьціць
бацьку свайго; агнём трэба спаліць яе.
10. А вялікі сьвятар з братоў сваіх, на галаву якога выліты алей
памазаньня, і які асьвечаны, каб апранацца ў сьвяшчэнную вопратку, не павінен
агаляць галавы сваёй і разьдзіраць вопратку сваю:
11. і да ніякага нябожчыка не павінен ён падыходзіць: нават дотыкам да
нябожчыка бацькі свайго і маці сваёй ён не павінен апаганьваць сябе.
12. І ад сьвятыні ён не павінен адыходзіць і зьневажаць сьвятыню Бога
свайго, бо асьвячэньне алеем памазаньня Бога яго на ім. Я Гасподзь.
13. За жонку ён павінен браць дзяўчыну:
14. удаву, альбо адкінутую, альбо зганьбаваную, блудадзейку не павінен ён
браць, а дзяўчыну з народу свайго павінен ён браць за жонку:
15. ён не павінен ганьбіць семя сваё ў народзе сваім, бо Я Гасподзь, Які
асьвячае яго.
16. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
17. скажы Аарону: ніхто зь семені твайго ва ўсе роды іхнія, у каго на целе
будзе хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;
18. ніхто, у каго на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, ні сьляпы, ні
кульгавы, ні кірпаты, ні з рэзаным вухам,
19. ні такі, у якога зламаная нага, альбо зламаная рука,
20. ні гарбаты, ні з сухім чэлесам, ні зь бяльмом на воку, ні кароставы, ні
пархаты, ні з пашкоджанымі яйкамі;
21. ніводзін чалавек зь семені Аарона сьвятара, у якога на целе ёсьць хіба,
не павінен падыходзіць, каб прыносіць ахвяры Госпаду; хібіна на ім, таму не
павінен ён падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;
22. хлеб Бога свайго зь вялікіх сьвятыняў і са сьвятыняў ён можа есьці;
23. але да заслоны не павінен ён падыходзіць і да ахвярніка не павінен
падступацца, бо пахіба на ім: не павінен ён няславіць сьвятыні Маёй, бо Я
Гасподзь, Які асьвячае іх.
24. І абвясьціў гэта Майсей Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым.