РАЗЬДЗЕЛЫ:
Лявіт
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня;
2. ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца
цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў:
3. ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які
пакрывае вантробы,
4. і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на
печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта:
5. і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за
віну.
6. Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы
павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня.
7. Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна
належыць сьвятару, які ачышчае ёю.
8. І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад
ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару;
9. і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў
печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які
прыносіць яго;
10. і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім
сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому.
11. Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду:
12. калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен
прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя
алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем;
13. акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры
мірнай ахвяры падзякі;
14. адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у
парынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай
ахвяры;
15. мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга
пакідаць зь яе да раніцы.
16. А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык
ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці
можна,
17. а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні;
18. а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе
спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе
есьці яе, той прыме на сябе грэх;
19. мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга
есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты:
20. а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай
ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго;
21. а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да
нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь
нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа
тая з народу свайго.
22. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
23. скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з
казла ня ежце;
24. тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую
справу; а есьці, ня ежце яго:
25. бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду,
зьнішчыцца душа тая з народу свайго;
26. і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла;
27. а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу
свайго.
28. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
29. скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той
зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду;
30. сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай
павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці,
патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім;
31. тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам
ягоным;
32. і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце
сьвятару:
33. хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і
правая лапатка на долю;
34. бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну
патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як
вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых.
35. Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня,
калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня,
36. якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў
Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія.
37. Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за
грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную,
38. які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у
пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія.