РАЗЬДЗЕЛЫ:
Кніга Малахіі
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Дык вось, вам, сьвятары, гэтая запаведзь:
2. калі вы не паслухаецеся, і калі ня прымеце да сэрца, каб узносіць славу
імю Майму, кажа Гасподзь Саваоф, дык я пашлю на вас праклён і пракляну вашыя
дабраславеньні, і ўжо праклінаю, бо вы ня хочаце прыкласьці да гэтага сэрца.
3. Вось, Я адбяру ў вас лапатку, і памёт раскідаю на твары вашыя, памёт
сьвяточных ахвяраў вашых, і выкінуць вас разам зь ім.
4. І вы ўведаеце, што Я даў гэтую запаведзь на захаваньне запавету Майго зь
Лявіем, кажа Гасподзь Саваоф.
5. Запавет Мой зь ім быў запавет жыцьця і міру, і Я даў яго яму дзеля
страху, і ён баяўся Мяне і трымцеў перад імем Маім.
6. Закон праўды быў у вуснах ягоных, і няпраўды ня было на языку ў яго; у
міры і ў праўдзе ён хадзіў са мною і многіх адвярнуў ад грэху.
7. бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў
яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа.
8. Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе,
разбурылі запавет Лявія, кажа Гасподзь Саваоф.
9. За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо
вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону.
10. Ці ж не адзін ва ўсіх нас Бацька? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму ж
мы вераломна дзеем адзін супроць аднаго, парушаючы тым самым запавет бацькоў
нашых?
11. Вераломна ўчыняе Юда, і мярзота чыніцца ў Ізраілі і ў Ерусаліме; бо
прынізіў Юда сьвятыню Гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкою чужога бога.
12. У таго, хто робіць гэта, зьнішчыць Гасподзь з намётаў Якаўлевых таго,
хто чувае на варце і адказвае, і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу.
13. І вось, што яшчэ вы робіце: вы прымушаеце паліваць сьлязьмі ахвярнік
Госпада з галашэньнем і лямантам, так што Ён ужо не глядзіць болей на
прынесенае і ня прымае ўмілажальвальнай ахвяры з рук вашых.
14. Вы скажаце: за што? За тое, што Гасподзь быў сьведка паміж табою і
жонкай маладосьці тваёй, супроць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна
сяброўка твая і законная жонка твая.
15. Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж
зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце
дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супроць жонкі і маладосьці сваёй.
16. Калі ты ненавідзіш яе, адпусьці, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў; крыўда
пакрые вопратку яго, кажа Гасподзь Саваоф; таму сачэце за духам вашым і не
рабеце вераломна.
17. Вы гневаеце Госпада словамі вашымі і кажаце: чым гневаем мы Яго? Тым,
што кажаце: кожны, хто чыніць ліха, добры перад вачыма Госпада, і да такіх Ён
мае ўпадабаньне, альбо: дзе Бог правасудзьдзя?