Памер шрыфту
ПСАЛЬМЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24] [25] [26] [27] [28] [29] [30] [31] [32] [33] [34] [35] [36] [37] [38] [39] [40] [41] [42] [43] [44] [45] [46] [47] [48] [49] [50] [51] [52] [53] [54] [55] [56] [57] [58] [59] [60] [61] [62] [63] [64] [65] [66] [67] [68] [69] [70] [71] [72] [73] [74] [75] [76] [77] [78] [79] [80] [81] [82] [83] [84] [85] [86] [87] [88] [89] [90] [91] [92] [93] [94] [95] [96] [97] [98] [99] [100] [101] [102] [103] [104] [105] [106] [107] [108] [109] [110] [111] [112] [113] [114] [115] [116] [117] [118] [119] [120] [121] [122] [123] [124] [125] [126] [127] [128] [129] [130] [131] [132] [133] [134] [135] [136] [137] [138] [139] [140] [141] [142] [143] [144] [145] [146] [147] [148] [149] [150] [151]

Псалтыр

Кніга Ёва
<< Назад
ПСАЛЬМА 36
Мудрасьць старца

1. Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,
2. бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.
3. Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.
4. Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.
5. Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,
6. і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.
7. Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.
8. Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,
9. бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.
10. Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.
11. А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.
12. Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
13. а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
14. Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:
15. меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.
16. Лепш - малое ў праведніка, чым багацьце - у многіх бязбожнікаў,
17. бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!
18. Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.
19. Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;
20. а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.
21. Пазычае бязбожны - і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,
22. бо ўміласлаўленыя Ім - зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім - будуць вынішчаны.
23. Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:
24. калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.
25. Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:
26. ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным - дабраславеньне будзе.
27. Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:
28. бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.
29. Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.
30. Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.
31. Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.
32. Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;
33. але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.
34. Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.
35. Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;
36. але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.
37. Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму -будучыня;
38. а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.
39. Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён - абарона ім у часіны жальбы:
40. і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.
Далей >>
Кніга Выслоўяў Саламонавых
Іншыя кнігі