13. Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам; 14. але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак. 15. І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою, 16. кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага; 17. але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей. 18. І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса. 19. Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам - слухацца вас болей, чым Бога? 20. Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі. 21. А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося; 22. бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.
Евангельле паводле Яна 5.17-24
17. А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю. 18. І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. 19. На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама. 20. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся. 21. Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. 22. Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну, 23. каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго. 24. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.