28. Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца. 29. І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая. 30. І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля: 31. зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме. 32. Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім. 33. І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, - ня ведаючы, што казаў. 34. Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака. 35. І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце. 36. Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
2-е пасланьне Пятра 1.10-19
10. А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся, 11. бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. 12. Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе. 13. А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам, 14. ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне. 15. Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці. 16. Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы. 17. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў». 18. І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары. 19. І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,
Евангельле паводле Мацьвея 17.1-9
1. І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных, 2. і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло. 3. І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі. 4. Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю. 5. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце. 6. І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся. 7. І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся. 8. А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса. 9. І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.