19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам! 20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада. 21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. 22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога: 23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца. 24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус. 25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу. 26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам! 27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам. 28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой! 29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі. 30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай; 31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.
1-е пасланьне да Карынцянаў 3.9-17
9. Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова. 10. Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе. 11. Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. 12. Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, 13. дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць. 14. У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду; 15. а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню. 16. Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас? 17. Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы.
Евангельле паводле Мацьвея 14.22-34
22. І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей. 23. І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін. 24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны. 25. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. 26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі. 27. Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся. 28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе. 29. А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса. 30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне. 31. Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся? 32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх. 33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы. 34. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.