29. Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых? 30. Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы? 31. Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 32. Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм. 33. Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы. 34. Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу - некаторыя з вас ня ведаюць Бога. 35. Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць? 36. Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ; 37. і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое; 38. але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.
Евангельле паводле Мацьвея 21.23-27
23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу? 24. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. 25. Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?», 26. а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока. 27. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.