10. бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое. 11. І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням. 12. Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам. 13. Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас. 14. Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. 15. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
Евангельле паводле Марка 1.9-15
9. І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане. 10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго. 11. І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў». 12. І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню. 13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму. 14. А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага, 15. і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.