9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў. 10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; 11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі. 12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча. 13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі. 14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага. 15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню. 16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе. 17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі; 18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя. 19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога. 20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.
Дзеі Апосталаў 6.1-7
1. Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы* наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны. 2. Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі. 3. Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу; 4. а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам. 5. І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў; 6. іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі; 7. і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
Евангельле паводле Марка 15.43-16.8
43. прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. 44. Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр? 45. І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу. 46. Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй. 47. А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі. 1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.