Памер шрыфту
Чытаньне за 30 жніўня 2009:


Евангельле паводле Марка 16.1-8 1 Кар 16.13-24

1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.
12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.

Евангельле паводле Мацьвея 21.33-42

33. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
34. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.
35. Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.
36. Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.
37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:
39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.
40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41. Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42. Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?