1. Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых; 2. ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны. 3. Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу. 4. Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне - Гасподзь. 5. Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Евангельле паводле Мацьвея 23.1-12
1. Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх, 2. кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі; 3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць: 4. зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх; 5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі* свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім; 6. а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах, 7. і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!» 8. А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос, а ўсе вы - браты; 9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах; 10. і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр - Хрыстос. 11. Большы з вас хай будзе вам слуга: 12. бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.