36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам. 37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа; 38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне. 40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі. 41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая ежа? 42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. 43. І ўзяўшы, еў перад імі. 44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах. 45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў 46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень, 47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма; 48. а вы сьведкі гэтага; 49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары. 50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. 51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. 52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю, 53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.
2-е пасланьне да Карынцянаў 6.16-7.1
16. Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам». 17. І таму выйдзіце зь іхнага асяродзьдзя і аддзялецеся, - кажа Гасподзь, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас 18. і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны». 1. І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.
Евангельле паводле Мацьвея 15.21-28
21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія. 22. І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман. 23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі. 24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага. 25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне. 26. А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. 27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. 28. Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.