Памер шрыфту
Чытаньне за 12 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.25-33

25. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
27. каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
28. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
29. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
30. бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
31. Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».
32. Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
33. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.

Евангельле паводле Лукаша 8.22-25

22. Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.
23. У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
24. І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.
25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?