Памер шрыфту
Чытаньне за 18 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Філіпянаў 1.8-14

8. Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
9. і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,
10. каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,
11. поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
12. Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
13. так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
14. і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.

Евангельле паводле Лукаша 9.23-27

23. А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
24. бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
25. бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
26. бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
27. Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.