Памер шрыфту
Чытаньне за 11 кастрычніка 2020:


Евангельле паводле Яна 20.11-18

11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

Пасланьне да Галятаў 1.11-19

11. Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
12. бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
13. Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
14. і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
15. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
16. зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
17. і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18. Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
19. А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.

Евангельле паводле Лукаша 7.11-16

11. Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
13. Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
14. І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
15. Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
16. І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.