1. За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі, 2. бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса. 3. Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты; 4. каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары, 5. а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога; 6. каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі. 7. Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці. 8. А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога. 9. Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго, 10. бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца 11. і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам; 12. каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.
Евангельле паводле Лукаша 11.42-46
42. але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. 43. Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах. 44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы - як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго. 45. На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш. 46. Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.