1. Павал і Сілуан і Цімафей - Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце: 2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 3. Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі. 4. так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце 5. у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце. 6. Бо праведна прад Богам - тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам, 7. а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай, 8. у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста, 9. якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай, 10. калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.
Евангельле паводле Лукаша 12.13-15, 22-31
13. Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну, 14. А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас? 15. Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці. [...] 22. І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца: 23. душа большая за ежу, і цела - за вопратку. 24. Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак? 25. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 26. Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе? 27. Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх. 28. А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы. 29. Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся, 30. бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым; 31. а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.