Памер шрыфту
Чытаньне за 15 лістапада 2019:


1-е пасланьне да Салунянаў 2.14-19

14. Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,
15. якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,
16. якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.
17. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.
18. І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.
19. Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?

Евангельле паводле Лукаша 11.23-26

23. Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
25. І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
26. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.