Памер шрыфту
Чытаньне за 16 лістапада 2014:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

Пасланьне да Эфэсянаў 4.1-6

1. Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
2. з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
3. імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
4. Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
5. адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.

Евангельле паводле Лукаша 10.25-37

25. І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцьё вечнае?
26. А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
27. Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе».
28. Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.
29. Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
30. На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
31. З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32. Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
33. А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,
34. і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;
35. а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
36. Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?
37. Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.