16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус; 17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся. 18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: 19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, 20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
Пасланьне да Эфэсянаў 2.4-10
4. Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас, 5. і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя, 6. і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе, 7. каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе. 8. Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар: 9. не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся. 10. Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
Евангельле паводле Лукаша 8.26-39
26. І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі. 27. Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, аў магілах. 28. Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне. 29. Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні. 30. Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго. 31. І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань. 32. А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім. 33. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў. 34. Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах. 35. І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся. 36. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец. 37. І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся. 38. А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы: 39. вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.