1. Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае. 2. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць, 3. ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец, 4. павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю; 5. бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую? 6. не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д’яблам. 7. Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д’ябальскіх. 8. Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя, 9. павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні, 10. і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня. 11. Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім. 12. Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім; 13. бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
Евангельле паводле Лукаша 16.1-9
1. Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную; 2. і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе? 3. Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся; 4. ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам. 5. І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму? 6. Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят. 7. Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят. 8. І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе. 9. І я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.