1. А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты, 2. бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы. 3. Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць. 4. Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей; 5. бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры. 6. Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца. 7. Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы. 8. Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,
Евангельле паводле Лукаша 11.47-12.1
47. Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя: 48. гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі. 49. Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб’юць, а другіх прагоняць; 50. хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету, 51. ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага. 52. Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі. 53. Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае, 54. цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго. 1. Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.