Памер шрыфту
Чытаньне за 23 лістапада 2014:


Евангельле паводле Марка 16.1-8

1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

Пасланьне да Эфэсянаў 5.9-19

9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10. Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14. Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

Евангельле паводле Лукаша 12.16-21

16. І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;
17. і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.
18. І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
19. І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакойся, еж, пі, весяліся.
20. Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?
21. Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.