1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Пасланьне да Эфэсянаў 2.14-22
14. бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне - 15. скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір, 16. і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць; 17. і, прыйшоўшы, «абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім», 18. бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу. 19. Дык вось, вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу, 20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла, 21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе, 22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
Евангельле паводле Лукаша 8.41-56
41. І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом, 42. бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго. 43. І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, - 44. падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала. 45. І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»? 46. Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне. 47. Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася. 48. Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам. 49. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі ікажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку. 50. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе. 51. А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці. 52. Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, асьпіць. 53. І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла. 54. А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань! 55. І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці. 56. І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.